Сайт беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы паведамляе, што 2 кастрычніка з удзелам мітрапаліта Паўла ў Мінскім сувораўскім вучылішчы адбылася «ўрачыстая сустрэча каўчэга з часціцамі мошчаў Георгія Пабеданосца, Дзмітрыя Салунскага і Феадора Ушакова». Апошні — гэта расійскі адмірал, абвешчаны мясцова шанаваным святым у Мардовіі.

Мерапрыемства адбылося з дабраслаўлення маскоўскага патрыярха і адразу па дзвюх лініях: у межах супрацоўніцтва Рускай праваслаўнай царквы і беларускага Міністэрства абароны, а таксама ў межах расійскай праграмы па «Духоўным умацаванні расійскага воінства», якую праводзіць «Усясветны рускі народны сабор». 

Гэтыя «мошчы» маюць застацца ў храме на тэрыторыі вучэльні як падарунак ад грамадскага аб'яднання «Маскоўскія сувораўцы» і Дабрачыннага фонду святога пакутніка Ваніфація. 

Трэба надаць увагу дарыцелям — фонду пакутніка Ваніфація, прадстаўленага ў Мінску «віцэ-прэзідэнтам» Наталляй Мезенцавай. 

Неўзабаве пасля анексіі Крыма фонд пакутніка Ваніфація падарыў тыя ж самыя «мошчы» і Чарнаморскаму флоту Расіі, што месціцца ў Севастопалі. 

Потым фонд паехаў ва Украіну, на тэрыторыю непрызнанай «Луганскай рэспублікі», дзе кіраўнікі фонду — тыя ж самыя людзі, што былі ў Мінску — мелі сустрэчу з кіраўніком «ЛНР» Платніцкім. 

Яны прывезлі ў дар Луганску абразы, каб «гэтай хрысціянскай воляй і святыняй дапамагчы Наваросіі, Луганскай народнай рэспубліцы і Данецкай народнай рэспубліцы стаць на ногі». 

«Віцэ-прэзідэнт» фонду пакутніка Ваніфація Наталля Мезенцава атрымлівае падзяку ад генерал-маёра Віктара Лісоўскага, камандуючага вучэльні.

«Віцэ-прэзідэнт» фонду пакутніка Ваніфація Наталля Мезенцава атрымлівае падзяку ад генерал-маёра Віктара Лісоўскага, камандуючага вучэльні.

Таксама ў будынку Луганскай філармоніі Наталля Мезенцава «ў знак прызнання» ўзнагароджвала «медалямі» фонду «тых герояў, якія ўпрыгожылі сваімі подзвігамі Луганскую зямлю». 

Цалкам размову Платніцкага і Мезенцавай можна паглядзець на відэа. 

Апроч таго, гэты фонд выдае дзіцячыя буквары «ДНР», а тая Мезенцава дзе толькі ні свяцілася — нават інспектавала вытворчасць труб на Данбасе і заяўляла расійскім СМІ аб адкрыцці гандлёвых дамоў у «ДНР».

З просьбай патлумачыць патрэбу ў змяшчэнні мошчаў «Наша Ніва» датэлефанавалася да Сувораўскага вучылішча, але тамтэйшы ідэолаг, палкоўнік Дзмітрый Верабей кінуў трубку з парадай звяртацца па каментарый да царквы.

А начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Міністэрства абароны, да якога адносіцца МСВ, Уладзімір Макараў, тройчы паўтарыў, што мерапрыемства адбылося «у межах рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Праваслаўнай царквой і Узброенымі сіламі і ў межах закону «Аб свабодзе сумлення». 

На пытанне, дзе ў час праваслаўнага малебна былі дзеці іншых веравызнанняў, Макараў адказу не даў, сказаўшы, што ніякіх рэлігійных супярэчнасцяў у войску няма. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?