Камісія ўрада Расіі ўхваліла законапраект, які дазваляе расійскім вайскоўцам тэрміновай службы і расіянам, якія знаходзяцца ў запасе, заключаць кароткатэрміновыя кантракты на службу за мяжой. Мэта законапраекта — хутчэй камплектаваць расійскія ваенныя часці, якія знаходзяцца за мяжой.

ria.ru

Неабходнасць такога кроку ў законапраекце тлумачыцца неабходнасцю змагацца з міжнароднымі тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі арганізацыямі.

Тэрмінавік, які рыхтуецца да дэмабілізацыі, ці служачы запасу ўжо цяпер можа заключыць з міністэрствам абароны кантракт на тэрмін ад двух гадоў. Новы законапраект прапануе дазволіць заключэнне больш кароткіх кантрактаў тэрмінам ад шасці месяцаў да года, якія будуць дзейнічаць «толькі ў перыяд надзвычайных абставін».

З пункту гледжання ваенных гэта неабходна «для аператыўнага вырашэння кароткатэрміновых, але важных задач, звязаных з удзелам у аперацыях па спыненні дзейнасці тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый».

Надзвычайнымі абставінамі пры гэтым лічацца як ліквідацыя наступстваў стыхійных бедстваў, так і «выкананне мерапрыемстваў надзвычайнага становішча, аднаўленне канстытуцыйнага парадку і іншыя надзвычайныя сітуацыі».

Расія крыху больш за год праводзіць ваенную аперацыю ў Сірыі. Расійскі кантынгент у гэтай краіне складаецца, як сцвярджаецца, выключна з кантрактнікаў, якім плацяць вялікія надбаўкі за камандзіроўку.

У верасні стала вядома, што падчас выбараў у Дзярждуму на выбарчыя ўчасткі ў Сірыі прыйшлі каля 4,5 тысяч расіян. Эксперты лічаць, што большасць з іх — вайскоўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?