Адсьпявала сьвята у фальклёрных спадніцах у горадзе над Нёмнам, што стаіць пад блакітным сьцягам з аленем сьвятога Губэрта. Чую праз фортку народную ацэнку, будаўнікі гавораць: «Папілі, б(…), грошы прае(…). Вось і ўсё сьвята!» Ня выключана, што так і ёсьць насамрэч. Хаця афіцыйна гарэлку на сьвяце не прадавалі.

Але ня трэба чорна‑белых фільмаў! Інтэрфэст у Горадні — дальбог улюбёнае сьвята. Я не выключэньне, люблю яго й усё, проста як жыхар, як гарадзенец. Усе афіцыйныя сьвяты звычайна пра вайну, пра нашу савецкую армію альбо пра савецкіх пагранцоў, пра дэсантнікаў і г.д. А тут карнавальная атмасфэра, якую любіў выдумляць калісьці ў сваіх кніжках пісьменьнік Грын. А якія дзяўчоначкі крочылі сярод іншых нацменаў у калёне, дзяўчоначкі ў майках «БРСМ»! Хоць адразу на касьцінг міс, міс чаго? Ды ўсё роўна: файныя дзяўчаты, няма слоў… Прыгажосьць узьнімае настрой. Няважна: хоць у мундзіры НКВД іх адзень, яны прыгожымі застануцца.

Разьбегліся гарадзенцы па працоўных месцах, а транспаранты над вуліцамі дагэтуль яшчэ паведамляюць зьвесткі з галіны нацыянальнага пытаньня. «Сям’я народаў Беларусі». Вой. «Все народы равны для родной нашай страны». Вой‑вой. «Усіх сясьцёр і ўсіх братоў фэстываль прыняць гатоў». Каго‑каго? Манашак і манахаў? Што там яшчэ ў нас? «Любімый Гродна для дружбы народнай». Штосьці нагадвае нязнайкіны рыфмы: «палку‑сялёдку», напрыклад. А тут паэты напусьцілі ўвогуле туману: «Дом Беларусі, дом лагодны усёй сям’ёю нам любіць»…

Што там у энцыкляпэдыях‑канстытуцыях пішуць? Падазраю, што прыблізна: апроч саміх беларусаў, у Беларусі жывуць прадстаўнікі іншых… Прадстаўнікі, а не народы! Палестынцы, яны ў Палестыне жывуць, гэта —народ Палестыны! А паводле нашага начальства, палестынцы — адзін з народаў Беларусі. Адзін джыгіт ідзе ў кучомцы ў калёне сьвяточнай — гэта таксама народ, як і протчыя беларусцы. І пагоня за лічбамі давяла да таго, што з кожным сьвятам Беларусь пачынае насяляць усё больш народаў. Спачатку было менш за паўтара дзясяткі, на апошнім сьвяце, здаецца, 27 стала. Арабы — гэта народ РБ — нароўні зь беларусамі. Напісаў я і задумаўся, а гэта — таксама хіба марксізм? Бо ў беларускіх даведніках усё з пункту гледжаньня гэнага марксізму дагэтуль разглядаецца. Аўтары артыкулаў безь яго як бяз рук. Напішуць уступныя словы, а потым адразу — а вось з пункту гледжаньня марксізму!..

Такая народная гігантаманія на фоне нараканьняў, што Беларусь — куточак на карце, кавалачак зямлі, дзялка, на якой не разгарнуцца, дзіўна выглядае, спараджае чуткі неверагодныя. Пагалоска пачала распаўсюджвацца, што ўлады хочуць сапраўды накшталт СССР: арабаў, напрыклад, у Пінскі раён, дзе цяплей, дзе вінаград. Габрэі дзе ў нас жылі — у Бірабіджане? У Брагінскі іх і гэтак далей. Дапусьцім, гэта я прыблізна, будзе Кармянскі карэйскі раён, Добрушскі індускі. Асноўныя народы атрымаюць па вобласьці: беларусам — Менскую аддадуць, Гарадзенскую — літоўцам і гэтак далей: палякам, украінцам, расейцам. Сьвята ж павінна разьвівацца, не таптацца на месцы, не спыняцца на дасягнутых лічбах! У ніякім разе, дарагія беларусцы!

Але заўважаецца і пэўная палітычная блізарукасьць, таварышы, на гарадзенскім інтэрфэсьце. Дзе іранскі, дзе вэнэсуэльскі народы? Кітайцы, нарэшце, чаму адсутнічаюць дагэтуль? У нас у школах мову вывучаюць ужо іхнюю, кажуць замест нейкай іншай нават. Хто там яшчэ нашыя любімыя браты і сёстры? Га?! Недаравальная хіба палітычная. Тым больш, з пункту гледжаньня марксізму‑ленінізму…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?