З моманту пачатку вайны на Данбасе я быў ва Украіне шмат разоў. Я захапляўся мужнасцю, з якой людзі бароняць сваю краіну ад агрэсіі. Але некаторыя рэчы я проста не мог зразумець, адна з іх — гэта перапоўненыя кіеўскія бары і кавярні. І знешне абсалютна спакойнае стаўленне людзей да сітуацыі на ўсходзе. І таксама проста незвычайны бум грамадзянскай актыўнасці і ўсялякіх праектаў: у Кіеве колькасць розных цікавых падзей, выстаў і мерапрыемстваў зараз проста шалёная. Значна большая, чым да 2014 года.

Гэта мяне бянтэжыла, калі я параўноўваў гэтую незвычайную карціну з фактамі. Больш за 10 тысяч загінула. 1,5 млн бежанцаў…

Я не ганіў кіеўскіх хіпстараў у кавярнях альбо мастакоў, якія робяць чарговую выставу ў парку Шаўчэнкі. Але мне было цікава: адкуль гэты парадокс? Чаму ваюючая краіна жыве падобным чынам?

І толькі зараз я пачынаю разумець, у чым справа. Усё жыццё нам яшчэ з часоў школы малююць жудасную карціну вайны, на прыкладзе Другой сусветнай: зямлянкі, акопы, бамбасховішчы — і больш нічога. Быццам бы ўвесь гэты час людзі толькі і робяць, што страляюць альбо хаваюцца ад бамбёжак. Быццам школы, тэатры і рэстараны не працуюць, вытворчасць спыняецца, а людзі не кахаюць адзін аднаго.

На прыкладзе Украіны мы бачым, што вайна зусім іншая. Апісаныя вышэй жахі існуюць на лініі фронту. Жыхары прыфрантавых раёнаў пакутуюць больш за ўсіх. А іншыя проста працягваюць жыць сваім жыццём: вучацца, працуюць, выхоўваюць дзяцей…

Яшчэ цікавыя назіранні: у піўных барах кастрычніцкага Кіева самы папулярны гурт — гэта расейскі «Сплін» (кожны дзень мы хадзілі з рознымі людзьмі ў розныя бары, і заўсёды там гучаў Васільеў). Шмат канцэртных афіш расейскіх артыстаў, паўсюль гучыць расейская мова. Ішоў трэці год расейска-ўкраінскай вайны…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?