posterНа сьпіне ў чорнага ката (На спине у чёрного кота)
Беларусь, 2008, каляровы, 90 хв.
Рэжысэр: Іван Паўлаў
Ролі выконваюць: Міхаіл Жыгалаў, Валер Прохараў (апошні фільм), Вольга Клебановіч, Вера Палякова, Аляксандар Дзянісаў, Віка Лукашэнка, Філіп Кіркораў
Жанр: Камэдыя
Адзнака: 5 (з 10)

Жывуць у вёсцы Карамелькі два хуліганістыя дзяды — Лёха і Саня. Аднойчы дзед Лёха пашкадаваў гандлярку, якая мокла пад дажджом — і набыў у яе лятарэйны білет. Білет стаўся выйгрышным — і цяпер дзед Лёха у кампаніі зь дзедам Санем — адправіліся гарэзіць у Менск пад апекаю двух анёлаў, якія гэтую заварушку й зладзілі.

Камэдыя Івана Паўлава — сама ўдалы ідэалягічны праект «Беларусьфільму», створаны за часы лукашэнкаўскага кіраваньня. Калі ў апошніх партызанскіх карцінах ідэалёгія вытыркалася нішчымнаю бутафорыяй, то ў «Чорным каце» нэасталінізм замаскаваны жартачкамі й глямурам.

Героі стужкі — зухія жаўнеры, якія сьпяваюць пра трох танкістаў і клянуцца Сталіным (ваенныя прыпеўкі з радасьцю падхоплівае цынічная моладзь); чырвона‑зялёныя сьцяжкі, парасьпіханыя там і сям; вясковая ідылія «моцнай і працьвітаючай» Беларусі.

«Дыямэнт ведаў», вакзал, гатэль «Эўропа» — зьнятыя шырокавугольнай оптыкай, каб яны здаваліся таўсьцейшымі і шыкоўнейшымі. Спажывецкі рай з салёнамі, казіно, дыскатэкамі; глямурна‑шчасьлівае «Ваша лато» (яшчэ адзін пачэсны ідэалягічна‑камэрцыйны праект); белы лімузін, ікра.

«Зорцы» на раскрутцы: Філіп Кіркораў у ганаровым эпізодзе (расейскаму сьпеваку, папулярнаму ў колах тутэйшых 50‑гадовых фанатак, патэлефанавалі з самага верху); Міхаіл Жыгалаў (бацька «Каці Пушкаровай») у ролі дзеда Лёхі.

І, нарэшце, галоўны сюрпрыз — Віка Лукашэнка, дачка Віктара Лукашэнкі — у ролі маленькай дзяўчынкі ад імя якой і вядзецца апавяданьне. Дзяўчынка выцягвае ў кіношнага дзеда Лёхі кніжку Мапасана і дазваляе сабе жартачкі з рэфэрэндуму. (У вёсцы Карамелькі праходзіў рэфэрэндум пра мнагажэнства: «баявая нічыя», што ў беларускіх умовах выглядае суцэльнаю правакацыяй).

Хлопец, які заляцаецца да дзьвюх прыгажуняў‑блізьнятак, масажысткі ў салёне, напаўголеная цётка на дыскатэцы — фільм пазначаны абавязковым «патрыятычна‑глямурным» таўром пошласьці, хаця стужку й не параўнаць з грудастым трэшам «Паўлінка‑New». Большасьць жартаў танчэйшая і дасьціпнейшая: баявая каза Ізаўра, якая выкарыстоўваецца замест злой аўчаркі, вясковая пляткарка, гурт цымбалістаў на дачасных хаўтурах, «удава» дзеда Сані з пудовымі кулакамі. Рэжысэр удала выкарыстоўвае паскораныя здымкі і нечаканыя мантажныя стыкі. Гэта вяршыня творчасьці Івана Паўлава, асабліва, калі параўноўваць зь безнадзейнай «Глыбокай плыньню», Спакусай» і «Сьвежыной з салютам».

Але жарты, карункавыя скетчы, побытавыя сцэнкі — старанна маскуюць пустату й халяву.

Анёл пякельны і анёл нябесны вартыя адзін аднаго (Вера Палякова — «спакушальніца» навязьліва‑ўрачыста пазіруе; ейны апанэнт‑кампаньён мае такія ж самыя звычкі). Анёлы не дапамагаюць і не выпрабоўваюць, але зьдзяйсьняюць пэнсіянэрскія мары.

У выхавальніцкім лукашэнкаўскім фільме дабро ад зла не адрозьніваецца — і тое, і другое ёсьць формай спажывецкага шчасьця.

Дзяды‑героі, якія вядуць сябе, як маладая шпана, на халяву выйгралі ў лятарэю, на халяву ўзялі банк у казіно, на халяву бузілі ў гатэлі й на халяву‑пасьпешліва аддалі лішнія грошы хворай дзяўчыне. І навошта пакуты, канфлікты й выбар? Усё задарма.

Ёсьць зьдзяйсьненьне мараў, трызьненьне, цудоўныя Карамелькі, Беларусь пад апекаю і аховай. У гэтай Беларусі сэрца й памяць належаць ганаровым 30‑ым, старыя маюць усё і маюць з прыбыткам, маладыя зайздросьцяць старасьці і бяруць яе за бадзёры прыклад, шчасьлівая вёска ахутаная туманамі й навальніцамі, а горад блішчыць багацьцем.

У гэтай Беларусі няма ніводнага беларускага слова, затое ёсьць гутаркі пад Шукшына, расейская «зорка» і амэрыканскі Том Соер (вось яно падсьвядомае! а фраза пра дзьве вялікія мовы — рускую і ангельскую не згубіла сваёй актуальнасьці).

І ёсьць найгалоўнейшае — той, хто ўсё гэта стварыў. У канцы стужкі дзед Лёха цытуе клясыка — што схіляецца толькі перад адным Царом (Нябесным).

Але, хто б сумняваўся, што маецца на ўвазе зусім іншы цар.

Карціна — вітрына лукашэнкаўскага глямуру, першы «ідэалягічны» фільм, прымальны для масавага спажытку. Але пра прагляд лепей не турбавацца. І так гвалтам пагоняць вайскоўцаў і школьнікаў — дый абавязкова пакажуць па тэлевізіі.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?