Фота прэс-службы Савета Рэспублікі

Фота прэс-службы Савета Рэспублікі

Бундэстаг будзе на афіцыйным узроўні працаваць з абедзвюма палатамі беларускага парламента. Нефармальнай забароны на кантакты з Палатай прадстаўнікоў больш няма. Пра гэта ў інтэрв'ю Tut.by распавялі дэпутаты парламента Германіі Утэ Фінке-Крэмэр і Олівер Качмарэк, якія пабывалі ў Мінску з трохдзённым візітам.

Дэлегацыя бундэстага ўпершыню на афіцыйным узроўні сустрэліся з калегамі не толькі з Саветам Рэспублікі (верхняя палата), уключаючы Міхаіла Мясніковіча, але і з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў — ад яе на сустрэчы быў Віталь Бусько. Традыцыйна еўрапейскія дэпутаты пазбягалі такіх афіцыйных кантактаў, не прызнаючы Палату прадстаўнікоў легітымным парламентам.

— Гэта вынік палітычных крокаў, зробленых за апошні год, - сказаў Олівер Качмарэк. — Я кажу пра вызваленне палітвязняў, мірныя выбары і канструктыўную ролю Мінска ў урэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

З папярэдняга дакладу АБСЕ аб парламенцкіх выбарах, дэпутаты Бундэстагу зрабілі выснову, што яны прайшлі не ідэальна, але з невялікім прагрэсам. «Далейшае супрацоўніцтва будзе залежаць ад таго, як будуць выконвацца рэкамендацыі АБСЕ», - сказала Утэ Фінке-Крэмер.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці азначае фармат гэтага візіту прызнанне беларускага парламента Бундэстагам, дэпутат падкрэсліла:

— Няма такога фармальнага акта - прызнанне парламента. Але пасля вывучэння выніковай справаздачы АБСЕ аб выбарах, мы, хутчэй за ўсё, упершыню за шмат гадоў накіруем запрашэнне вашым дэпутатам прыехаць у Берлін. Гэта знак таго, што беларускі парламент хоць у нейкай ступені абраны належным чынам.

У першыя дні працы новага беларускага парламента ў ім сфарміруюць групу сяброўства з Бундэстагам, паведаміў на сустрэчы Міхаіл Мясніковіч.

Па словах Фінке-Крэмер, нельга ставіцца да беларускага парламента крытычней, чым да расійскага, кітайскага або азербайджанскага. З усімі з гэтых органаў у Бундэстагу афіцыйныя кантакты ёсць.

— Можна сказаць, што табу на такія кантакты знята і ў дачыненні да парламента Беларусі.

На думку суразмоўцы, няма прычын таго, каб беларускія дэпутаты не былі прадстаўлены ў парламенцкім вымярэнні Усходняга партнёрства («Еўранэсце» у адрозненне ад сваіх калег з іншых ўсходнееўрапейскіх краін: «Я была назіральнікам у Азербайджане і я ведаю пра праблемы на выбарах парламента там».

Па ўражаннях германскіх дэпутатаў, іх беларускія суразмоўцы з афіцыйнага боку шчыра лічаць адносіны з Берлінам важнымі, і яны хочуць працаваць разам, як у АБСЕ, так у будучыні — мець больш цесныя кантакты з Радай Еўропы, куды Беларусь не ўваходзіць.

Дэпутаты Бундэстага на сустрэчах паднялі і праблему смяротнага пакарання. Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, па словах Фінке-Крэмер, пастаянна спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 20-гадовай даўніны. «Мы ім на гэта кажам, што можна ўвесці мараторый. Яны сказалі, што падумаюць над гэтым», - дадала дэпутат Бундэстага.

- Нам часта кажуць, што трэба час, трэба ісці маленькімі крокамі. Так, мы гэта разумеем. Але ўжо прыйшоў час зрабіць гэтыя першыя крокі ў гэтым кірунку, патрэбен план руху да адмены смяротнага пакарання.

Олівер Качмарэк прызнае, што рух наперад у адносінах з Беларуссю выклікае крытыку часткі грамадзянскай супольнасці.

- Наш дыялог не значыць, што мы адмовіліся ад крытыкі. Беларусь робіць маленькія крокі, мы робім маленькія крокі. І каб працягваць, мы, натуральна, чакаем сустрэчных крокаў з беларускага боку, ўстойлівага руху наперад. Адкрылася акно для дыялогу, і мы хочам яго выкарыстоўваць.

Акрамя беларускіх парламентарыяў, дэпутаты Бундэстага сустрэліся з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем, намеснік міністра эканомікі, а таксама наведалі мемарыял у Трасцянцы і аздараўленчы цэнтр для дзяцей-чарнобыльцаў «Надзея».

***

Парламенцкія выбары ў Беларусі адбыліся 11 верасня. Па іх выніках, упершыню за 12 гадоў у Палату прадстаўнікоў прайшлі дзве апазіцыянеркі — Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Назіральнікі АБСЕ заявілі, што выбары па-ранейшаму не адпавядалі дэмакратычным стандартам, але па асобных напрамках быў невялікі прагрэс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?