Член брытанскай каралеўскай сям'і, стрыечны брат каралевы Лізаветы II прынц Майкл Кенцкі 10—13 кастрычніка наведае з рабочым візітам Беларусь, паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Прынц Майкл Кенцкі з жонкай. Фота Getty

«У рамках візіту плануецца правядзенне сустрэч з беларускімі афіцыйнымі асобамі, наведванне Парку высокіх тэхналогій, а таксама шэрагу гістарычных і культурных аб'ектаў — мемарыяльнага комплексу Хатынь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея», — сказаў Мірончык на брыфінгу ў чацвер ў Мінску.

Па словах прэс-сакратара, «візіт члена брытанскай каралеўскай сям'і будзе спрыяць развіццю двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама пашырэнню культурных сувязяў паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй».

Як адзначыў Мірончык, прынц Майкл Кенцкі займаецца кансалтынгавай дзейнасцю, бізнэсам і дабрачыннасцю ў шэрагу краін свету. У прыватнасці, пад патранажам Яго Высокасці рэалізуецца шэраг глабальных некамерцыйных ініцыятыў у сферы бяспекі дарожнага руху — Міжнародны дабрачынны фонд «International Road Safety Awards» і некамерцыйная структура «RoadSafe», якія ўкараняюць новыя тэхналогіі будаўніцтва дарожнай інфраструктуры, а таксама бяспекі пешаходаў і кіроўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0