Гутарка з Робэртам Райхам, былым міністрам працы ў кабінэце Клінтана.

Паводле Робэрта Райха, аўтара кнігі «Супэркапіталізм», карпарацыям пасьпяхова ўдаецца блякаваць нвягадныя для сябе законы, якія мусілі б прымацца ў інтарэсах грамадзтва. Канфлікт паміж капіталізмам і дэмакратыяй пашырыўся і пагражае зьнішчыць маральную тканку нашага грамадзтва, лічыць ён. Аўтар пятнаццаці кніг, выкладчык Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі, Райх быў міністрам працы ў камандзе Клінтана.

— Што такое супэркапіталізм?

Робэрт Райх: Гэта супэрканкурэнцыя кампаній, якім удаецца пранікнуць у палітычную сфэру і ўзяць яе пад кантроль, карумпуючы палітыкаў. У часы супэркапіталізму спажыўцы і інвэстары вельмі добра ладзяць паміж сабой. У параўнаньні зь мінулым у іх нашмат больш інфармацыі пра прадукты і паслугі, якія яны атрымоўваюць, і пра прыбыткі, якія яны маюць. Глябалізацыя і тэхнічны прагрэс працуе на іх.

— І каму ў гэтым выпадку кепска?

РР: Гэта выдатная сытуацыя для спажыўцоў, але не для грамадзянаў. Зь яе вынікаюць сур’ёзныя праблемы і для дэмакратыі.

— У якім сэнсе?

РР: Для грамадзянаў маюць значэньне ня толькі прывабныя прапановы па даступнай цане, іх цікавяць таксама і сацыяльныя наступствы свайго спажывецкага выбару. Занепакоенасьць выклікаюць пацяпленьне клімату, няроўнасьць, пагроза беспрацоўя і сацыяльныя наступствы эканомікі, дзе сацыяльны статус чалавека можа зьмяніцца ў любы момант.

— Ці можна сьцьвярджаць, што дзякуючы працы СМІ мы маем усьведамленьне пра існаваньне гэтых фэномэнаў?

РР: Ня зьмешвайце інфармацыю з здольнасьцю зьмяніць status quo. Большасьць інфармацыі распаўсюджваецца камэрцыйнымі мэдыямі, выжываньне якіх залежыць ад рэклямы, якую, у сваю чаргу, замаўляюць супэркапіталістычныя кампаніі, каб пераканаць чытачоў набываць іх прадукцыю. У выніку і мэдыі аказваюцца ўцягнутымі ў сыстэму. Пра парніковы эфэкт гаворка ідзе ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў, аднак толькі нядаўна ім сталі рэальна займацца. Раней гэтая тэма падавалася для СМІ недастаткова sexy. Супэркапіталістычныя сілы моцна ціснуць на Брусэль, Вашынгтон і на іншыя сталіцы сьвету. Іх лабісцкія акцыі гучныя і заглушаюць галасы грамадзян. І цяпер надзвычай цяжка далучыцца да палітычнага працэсу: каб быць абраным у амэрыканскі Кангрэс, патрэбныя вялікія грошы.

— Ці Вы лічыце, што палітычны працэс і ў іншых краінах таксама знаходзіцца пад уплывам супэркапіталізму?

РР: Тэндэнцыя, пра якую я кажу, мае глябальны характар. ЗША зьяўляюцца найбольш характэрным прыкладам, таму што яны пачалі свой рух да супэркапіталізму раней за іншых. Таксама тут адсутнічае эўрапейская сацыял-дэмакратычная традыцыя. Аднак і Эўропа пачала рабіць экспэрымэнты зь няроўнасьцю, і там культура бяздумна вульгарызуецца, а палітычны цынізм расьце.

— Ці не падаецца Вам, што гэта не такая ўжо і вялікая цана за рост дабрабыту ў сьвеце?

РР: Няпраўда, што дабрабыт дасягнуў нейкіх нечуваных узроўняў. Калі адняць Кітай і Індыю, відавочным робіцца факт, што беднасьць ва ўсім сьвеце вырасла і што розьніца паміж багатымі і беднымі пашыраецца. Індыя і Кітай выключэньні. Там ствараюцца вялікія сярэднія клясы.

— Сярэдняя кляса мацнее таксама і ў Эўропе, але не ў ЗША...

РР: Гэта вялікі парадокс. Эўропа, якую Амэрыка доўгі час крытыкавала за неэфэктыўнасьць, сёньня па заробках і пакупніцкай здольнасьці пераўзыходзіць ЗША. Па меры таго, як даляр слабее, а эўра мацнее, сярэдні эўрапеец робіцца больш заможным за сярэдняга амэрыканца.

Пераклала з італьянскай мовы NM паводле «Эспрэсо»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0