07.10.2016 / 12:04

Прэмію Гедройца ўручаць 12 кастрычніка — яе памер сёлета ўдвая меншы 1

Гатэль Renaissance (пр. Дзяржынскага, 1Е). 19.00.

Цырымонія ганаравання пераможцаў літаратурнай Прэміі імя Ежы Гедройца адбудзецца 12 кастрычніка ў гатэлі Renaissance (пр. Дзяржынскага, 1Е), паведамляюць арганізатары. Пачатак а 19-й. Уваход вольны.

Прэмія Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка»., 

На галоўную ўзнагароду сёлета прэтэндуюць наступныя кнігі:

1. Андрэй Адамовіч «Таўсьціла і лешч», Вільня, «Логвінаў»

2. Валянцін Акудовіч «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне», Вільня, «Логвінаў»

3. Альгерд Бахарэвіч «Белая муха, забойца мужчын», Мінск, «Галіяфы»

4. Алесь Пашкевіч «Рух», Мінск, «Кнігазбор»

5. Таня Скарынкіна «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі», Вільня, «Логвінаў»

6. Макс Шчур «Завяршыць гештальт», Тэрнопаль, «Крок»

Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калоквіуме, другое — творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя), першае — чэк на суму, якую штогод вызначае IdeaBank. Сёлета сума ўзнагароды будзе эквівалентная 5000 еўра — гэта ўдвая меней, чым летась.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку. Ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.

У мінулыя гады пераможцамі прэміі былі Павел Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012); Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013); Ігар Бабкоў «Хвілінка. Тры гісторыі» (2014); Віктар Казько «Час збіраць косці»(2015).

0
Дзядзя Ваня / Адказаць
07.10.2016 / 19:26
афігець, якая цікавасць у гэтым годзе да прэміі... Бедны Бахарэвіч - як беднаму жаніцца, дык і ноч кароткая.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру