Карыкатура з выставы «Сам-насам з кліматам».

Карыкатура з выставы «Сам-насам з кліматам».

Выстава падрыхтавана пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і Шведскага інстытута.

Выстава «Сам-насам з кліматам» злучае класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя (інсталяцыя, фатаграфія, калаж) сучаснага мастацтва, становіцца асновай і фундаментам камунікацыі без межаў, у тым ліку моўных.

Гэты праект, мэтай якога з’яўляецца абмеркаванне прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства і распаўсюджанне ведаў пра экалагічныя праблемы, стартаваў яшчэ ў 2010 годзе і за 5 год ахапіў цэлы шэраг краінаў, у тым ліку Беларусь, Швецыю, Грэцыю, Паўднёвую Афрыку, Бразілію і іншыя.

У гэтым годзе амбіцыёзны праект Шведскага інстытута фінальна рэалізаваўся ў буйной публікацыі — альбоме, які з’яднаў мастацкія і дыскурсіўныя разважанні прафесіяналаў розных краінаў свету.

У альбом патрапілі таксама і працы 6-ці беларускіх мастакоў: Рамана Сустава, Кацярыны Марціновіч, Алега Карповіча, Вольгі Сазыкінай, Сяргея Волкава і Антаніны Слабодчыкавай.

У рамках міжнароднага праекта «Сам-насам з кліматам» і з нагоды выпуску альбома ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пройдзе аднайменная шведска-беларуская выстава.

Выстава складаецца з дзвюх частак, уключае творы мясцовых мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў і ўяўляе сабой візуальны шэраг экспазіцыі, якая даступным спосабам уздымае пытанні змены клімату перад гледачом.

У рамках выставы адбудуцца два майстар-класы.

Майстар-клас Антаніны Слабодчыкавай «Змест. Канструкцыя. Выява і Сэнс» прадэманструе спосабы канструявання сэнсу праз канструяванне выявы. Удзельнікі папрацуюць у тэхніцы калажу. Знакамітая беларуская мастачка працуе ў розных медыя (відэа, інсталяцыя, аб’ект), у пабудове сваіх інсталяцый і аб’ектаў выкарыстоўвае стратэгію калажу і рэдзі-мэйду. 

Другі майстар-клас «Глыбінная экалогія» пройдзе пад кіраўніцтвам Вольгі Сазыкінай. Аўтарка працуе з эка-матэряламі, а таксама з медытатыўнымі практыкамі. Падчас майстар-класа ўдзельнікі пазнаёмяцца з творчасцю знакамітага і ўплывовага беларускага аўтара і папрацуюць з цікавымі тэхнікамі стварэння мастацкага аб’екта.

Майстар-класы адбудуцца 11 і 20 кастрычніка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пр-т Незалежнасці, 47) а 17-ай гадзіне. Уваход вольны. Папярэдняя рэгістрацыя па тэлефоне: 280-56-08.

Выстава будзе адкрытая для наведнікаў з 7 па 22 кастрычніка 2016 г.

Тэлефон для даведак: 280-56-08

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?