08.10.2016 / 15:00

У беларускім перакладзе Льюіса Кэрала ёсць намёк на «Нашу Ніву». Вера Бурлак: «Немагчыма было ўтрымацца» 13

Кнігу Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» ў беларускім перакладзе Веры Бурлак збіраліся паспець выдаць да Калядаў. Час падціскае, а грошы на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by збіраюцца павольна. Праект мусіў быць народным — без прыцягнення буйных партнёраў, аднак цяпер, калі грамадства не актывізуецца, без іх наўрад ці ўдасца ажыццявіць задуманае.

Выглядае, што кніга магла б стаць для беларускіх дзетак адной з любімых. Яе будзе цікава не толькі чытаць, але і проста разглядаць, бо пад цвёрдай вокладкай схаваныя каля 100 незвычайных малюнкаў Кацярыны Дубовік.

Тое, што ў кнізе будуць творы менавіта гэтай мастачкі, для самой Веры Бурлак было сюрпрызам.

«Калі Кацярына даслала малюнкі, я была ў захапленні, — прыгадвае перакладчыца. — Гэта вельмі незвычайнае бачанне казкі. Малюнкі ствараюць асаблівы свет. Яны адначасова інтэлектуальныя і дзіцячыя, у іх ёсць наіўнае непасрэднае бачанне свету. Калі Аліса разважае ў казцы, мы бачым, што яна акурат дзіця і многія пастулаты выхавання ўспрымае зусім не так, як дарослыя. Добра, што гэта падкрэслена ў малюнках».

Гэтая кніга Льюіса Кэрала з тых, што цікавыя рознай аўдыторыі. Дзецям можа спадабацца казачнасць, незвычайнасць таго, што адбываецца. Слоўныя гульні, якія могуць падацца ім смешнымі. Пакуль што адзінае дзіця, якому Вера чытала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса», гэта яе сын Кастусь.

«Яму вельмі спадабалася, — упэўнівае перакладчыца. — Ён засяроджваўся на розных лагічных непаслядоўнасцях. Ці, наадварот, паслядоўнасцях, але не ў той бок, як мы прызвычаіліся ў нашым жыцці. Ён нават ускрыкваў, пляскаў у ладкі, калі чуў нешта такое, і казаў: «Ды няўжо!».

Сем гадоў таму пераклад Веры Бурлак друкавалі ў часопісе Arche, дзе, натуральна, дарослы чытач. Дарэчы, тады ж гэтая работа была адзначаная прэміяй часопіса «ПрайдзіСвет» як найлепшы пераклад 2009 года.

«Дарослыя зразумеюць тонкія жарты, арыентаваныя на логікаў. Ім застаецца і гістарычны кантэкст, у якім стваралася кніга, бо ўсё сканцэнтравана на англійскіх імёнах і з’явах. Але ёсць у мяне гульня і з беларускім кантэкстам, намёк на «Нашу Ніву», — прызнаецца Вера. —

У беларускім перакладзе сустракаюцца каралеўскія ганцы з рысункамі. У арыгінале гэтыя ганцы ўвесь час прымаюць нейкія дзіўныя позы, якія нават бянтэжаць Алісу. Насамрэч, яны паўтараюць тыя паставы, у якіх намаляваныя ў рукапісах старажытныя англа-саксы. То бок ідзе адсылка да старажытнасці. І вось тут немагчыма было ўтрымацца і не ўзгадаць «газету з рысункамі».

Хаця першым пра гэта падумаў Андрэй Хадановіч. Ён мне і падказаў гэты ход, і я з радасцю і ўдзячнасцю яго скарыстала».

Вера кажа, што перакладаць дзіцячую літаратуру ёй, можа быць, і прасцей. Бо тут шмат гульні, а ёй гульня падабаецца. Перакладам Льюіса Кэрала яна займалася цягам года.

«Расцягнула падрыхтоўчы перыяд, доўга не ведала, ці ўвогуле зраблю гэты пераклад. Мне самой было цікава, бо я недасведчаны перакладчык, а ўзялася за такую рэч, якую ўсе лічаць вельмі складанай. Для мяне ж гэта было, можа, не столькі складана, колькі захапляльна. Я доўга перакладала тэкст не па-мастацку, а так, чарнавіком. Калі ж з’явілася перспектыва друку ў Arche і мне паставілі канкрэтныя тэрміны, каля двух-трох тыдняў, я ўсё адклала і займалася толькі перакладам. Тады ўдалося знайсці рытм, які перадаваў бы ўнутраны рытм арыгіналу. Фактычна, тады быў перапісаны ўвесь тэкст. Адзінае, што ўжо было гатовае, — вершы».

Кнігу рыхтуе выдавецтва «Галіяфы», плануецца надрукаваць тысячу асобнікаў.

«Ёсць пэўны набор каштоўнасцей, якія мусяць быць у кожнай скарбонцы, нават самай небагатай, — кажа Вера. — Сам тэкст «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» — гэта, безумоўна, каштоўнасць сусветнай літаратуры. А тое, як гэтая кніга будзе выдадзеная, зробіць яе вельмі мілай беларускаму чытачу.

Наш мастацкі погляд на гэтую кнігу вельмі каштоўны, менавіта таму хочацца зрабіць яе даволі трывалай і такой, якую прыемна ўзяць у рукі. Спадзяюся, што і мой пераклад — таксама здабытак беларускай культуры. Мне падаецца, што гэта такі невялічкі скарбік, які было б прыемна мець беларускім сем’ям у кожным дзіцячым пакоі».

Падтрымаць праект і атрымаць у падарунак набор паштовак, кнігу ці запрашэнне на прэзентацыю можна тут:

ulej.by

Настасся Роўда

1
mikola / Адказаць
08.10.2016 / 15:13
а што выдаць кніжку каштуе ніяк ня менш за 13 тысяч далярау? я дарэчы крыху такі ахвяравау...
7
Тэль / Адказаць
08.10.2016 / 15:16
Ужасные илюстрации
7
Дон / Адказаць
08.10.2016 / 15:27
Калі не хапае сродкаў на падтрымку праектаў датычных уласна беларускай мовы і культуры, дзіўна чакаць, што людзі будуць скідвацца дзеля іншамоўных перакладаў. Марнаванне грошай у нашай сітуацыі.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру