скрыншот з відэа, sk.gov.by

Учора, дзесьці ў 17.20, у будынак гандлёвага цэнтра увайшоў малады чалавек. За плячыма ў яго быў футляр для гітары, у якім, як пазней высветлілася, была сякера. У левай руцэ — заведзеная бензапіла.

Прайшоўшы каля 50 метраў, ён зняў футляр, паклаў на канапу, дзе сядзелі дзве жанчыны. Калі жанчыны сталі сыходзіць, падлетак нанёс адной з іх у спіну некалькі удараў заведзенай бензапілой. Жанчына ўпала, а хлопец, адкінуўшы бензапілу, якая заглухла, дастаў сякеру і нанёс яшчэ тры ўдары. У выніку атрыманых траўмаў, жанчына памерла на месцы.

Пасля гэтага падлетак з сякерай зайшоў у піцэрыю, дзе нанёс два ўдары адной з наведвальніц. Пасля гэтага, праходзячы па калідоры, ён сутыкнуўся з прыбіральніцай — ён спрабаваў трапіць ёй у галаву, але яна здолела ухіліцца, і ўдар прыйшоўся па руцэ.

«Калі нападнік рухаўся па калідорах цэнтра, яго пастаянна пераследавалі ад 5 да 15 чалавек, якія спрабавалі яго спыніць — кідалі ў яго урны, крэслы. Хацеў бы выказаць сваю падзяку тым людзям, якія спрабавалі яго затрымаць», — адзначыў Волкаў.

Ён таксама распавёў, што падлетак быў затрыманы пры дапамозе наведвальнікаў цэнтра і прадаўцоў.

«Што тычыцца таго, ці затрымлівала яго ахова … Гэта пад пытаннем. На відэа супрацоўнікаў аховы цэнтра мы не ўбачылі. І гэта будзе асобнай падставай для разгляду», — дадаў першы намеснік старшыні СК.

«Намер на здзяйсненне гэтага злачынства паўстаў у падлетка незадоўга да нападу. У рамках падрыхтоўкі да забойства ён купіў бензапілу, сякеру і сродкі абароны пры рабоце з бензапілой — балаклаву, маску-шлем, акуляры і навушнікі», — распавялі ў СК.

У ведамстве таксама паведамілі, што нападнік — 17-гадовы студэнт адной са сталічных ВНУ. Яго сям'я - вельмі забяспечаная і шчаслівая, матэрыяльных праблем і цяжкасцяў не было. Падлетак пражываў асобна ад бацькоў, ва ўласнай кватэры.

Следству ён прызнаўся, што за тры гадзіны да нападу выпіў 150 грамаў гарэлкі. У СК таксама распавялі, што падлетак так патлумачыў свой учынак: «Хацеў пасекчы людзей». Паводле яго слоў, яго раздражнялі зборы людзей.

У ведамстве адказваюць, што яго псіхічны стан выклікае пытанні, але якія-небудзь высновы будуць рабіць спецыялісты - і толькі пасля правядзення псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы. У падлетка таксама ўзятыя аналізы — слядоў ўздзеяння псіхатропных або наркатычных рэчываў пакуль не выяўлена.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?