У загінулай у ГЦ «Еўропа» 43-гадовай жанчыны засталася дачка, паведаміў у сацсетках лідар РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Жанчыну звалі Алена.

«Дзяўчына, якую забілі, выйшла на замену ў ГЦ «Еўропа» гандляваць акулярамі! Пра яе вядома, што яна сірата і ў яе дзіця інвалід. ГЦ «Еўропа» узяў на сябе ўсе выдаткі па пахаванні… ІП на ГЦ «Еўропа» грошы збіраюць!» — напісаў Шумчанка.

Адна з прадаўцоў распавяла kp.by, што калі прыехала хуткая, акрываўленая Алена (загінулая жанчына) яшчэ дыхала. У яе ёсць дачка ёй 21 год, а сама яна сірата. Калі ўсё здарылася, у яе разрываўся тэлефон.

Шумчанка таксама паведаміў, што развітанне з Аленай адбудзецца ў аўторак у 12.40 у рытуальнай зале па адрасе Даўгінаўскі тракт, 160А.

Нагадаем, што ўчора, 8 кастрычніка, ў гандлёвым цэнтры «Еўропа» ў цэнтры Мінска хлопец 1998 года нараджэння з бензапілой і сякерай напаў на наведвальнікаў. Адна жанчына была параненая, яшчэ адна загінула.

АНТ са спасылкай на міліцыю ў «Навінах» паведаміў, што гэта была супрацоўніца крамы. Яна адышлася з працоўнага месца купіць калготкі. Пазней СК паведаміў, што яна 1973 г.н.

Па факце нападу распачата крымінальная справа, паведаміў 9 кастрычніка журналістам у Мінску першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў.

«Па гэтым факце заведзена крымінальная справа. Яна прынята да вытворчасці следчымі цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Праводзяцца следчыя дзеянні», — паінфармаваў БелТА Волкаў.

Нападнік быў адзін. А чуткі пра тое, што нападнікаў было некалькі, звязаныя з тым, што чалавека бачылі спачатку з бензапілой, потым з сякерай, растлумачылі ў Следчым камітэце.

Міліцыя з месца здарэння паведаміла падрабязнасці трагедыі.

«Малады чалавек 1998 года нараджэння ў 17:28 прыйшоў у ГЦ «Еўропа». Ён быў добра апрануты, у яго быў чахол для гітары, у якой была сякера, а пры сабе бензапіла. Ён заведзенай бензапілой прычыніў цялесныя пашкоджанні жанчыне, яна памерла. Потым расшпіліў чахол, дастаў сякеру і пачаў пагражаць пакупнікам. Грамадзян было няшмат, тры-чатыры чалавекі.

У 17:34 паступіў першы званок у дзяжурную частку ГУУС,

у 17:35 прыбыў першы нарад…

У 17:38 нападнік быў затрыманы. Ён знаходзіцца ў дзяжурнай частцы РУУС».

Заява міліцыі (відэа)

Цела загінулай ляжала на першым паверсе ГЦ «Еўропа», каля ўваходу ў кавярню. Яно было бачнае з вуліцы толькі з аднаго ракурсу — на асветленым лапіку падлогі між сталамі.

Насуперак чуткам першых хвілін, паведамляў карэспандэнт НН, галава ахвяры не адрэзаная. На падлозе была відаць кроў. Тэрыторыю вакол цела вывучалі следчыя — некалькі чалавек у цывільным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?