Суд Кастрычніцкага раёна Мінска вынес прысуд у дачыненні да 55-гадовага мінчука, які абвінавачваўся ў жорсткім забойстве сабакі і хуліганстве. Мужчыну прызналі вінаватым у хуліганстве і жорсткім абыходжанні з жывёламі. Яго асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і прымусовага лячэння ад алкагалізму.

55-гадовага мінчука Аляксандра Радкевіча абвінавачвалі па ч.1 арт. 339-1 Крымінальнага кодэкса (Жорсткае абыходжанне з жывёлай). Санкцыя артыкула - грамадскія працы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да 1 года або арышт. А таксама па ч.1 арт. 339 (Хуліганства). Санкцыя артыкула - ад грамадскіх работ да пазбаўлення волі тэрмінам да 3 гадоў.

Раней дзяржабвінаваўца прасіў суд прызначыць абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі. А таксама ўжыць прымусовыя меры лячэння Радкевіча ад алкагалізму.

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся сёлета 25 чэрвеня 2016 года ў кватэры па вуліцы Магілёўскай у сталіцы. Мужчына адрэзаў галаву сабаку свайго сына і выкінуў усё на лесвічную пляцоўку — на ўсеагульны агляд.

Высветлілася, што мінчук раней ужо быў судзімы - за пагрозу забойствам, па 186-м артыкуле Крымінальнага кодэкса. Але адседзеў пару месяцаў і неўзабаве выйшаў па амністыі. І яшчэ шмат разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, не раз праходзіў лячэнне ад алкагалізму ў ЛПП. Зрэшты, і яго родныя ў судзе не адмаўлялі: мужчына злоўжывае алкаголем, а ў гэтым стане станавіўся неадэкватным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?