Еўрарадыё выйшла на добрую знаёмую Улада К., які атакаваў ГЦ «Еўропа» з бензапілой і падазраецца ў забойстве. Падазраваны тэлефанаваў дзяўчыне ў пачатку кастрычніка і скардзіўся на тое, што яго выключаюць з універсітэта.

«У яго былі праблема з вучобай, ён раіўся, як іх выправіць. У пачатку навучальнага года прапусціў чатыры дні. Праз нейкі час прапусціў яшчэ тыдзень, не схадзіў да ўрача, не меў даведкі пра хваробу. Але напрыканцы размовы ён сказаў, што адлічэнне яго моцна не турбуе, бо ў яго ёсць свой план. Гэта гучала дзіўна, але ў ім заўжды былі нейкія дзівацтвы», — згадвае дзяўчына пра апошнюю тэлефонную гутарку з Уладам.

Еўрарадыё: Як даўно вы з ім знаёмыя? Ён ствараў уражанне небяспечнага чалавека?

Знаёмая К.: Ведаю яго два гады. Чалавек ён дзіўны. Не любіць людзей, не любіць сябе. Яму не падабаецца ягоная знешнасць. Часам ён падазрона жартаваў. Пра тое, што забіў бы каго-небудзь, што не любіць людзей. Але агрэсіі ні да каго не паказваў, канфліктаў з ім не было. Ён быў вельмі замкнёным чалавекам і не меў сяброў. Часта наўмысна так жартаваў напаказ. Ведаю, што ў школу №27 ён насіў з сабой пярцовыя спрэі. Для чаго, я не ведаю. Для бяспекі ці наадварот. Каб ён іх выкарыстоўваў, я не чула. Але перад аднакласнікамі дэманстраваў напаказ.

Еўрарадыё: Мяркуючы па відэа, Улад — высокага росту, і некаторыя наведнікі ГЦ «Еўропа» палічылі, што ён фізічна моцны мужчына, чаго не падумаеш пра 17-гадовага хлопца.

Знаёмая К.: Мне здаецца, рост у яго ніжэйшы за 180 см. Высокі, але не надта. Ён хадзіў у залу, займаўся спортам. Хударлявым яго дакладна не назавеш.

Еўрарадыё: На ўзроўні чутак з’явілася інфармацыя, што падазраваны жыў сам, бо яго маці і сястра з’ехалі ў Нямеччыну.

Знаёмая К.: Дзесьці год таму сястра з’ехалася з хлопцам. Яго мама лётае ў Германію, таму што ў іх там дом. Улад таксама, здаралася, лётаў у Германію. Мама ў асноўным, наколькі мне вядома, жыве разам з ім. Бацька жыве асобна ў пасёлку. Улад да яго часам прыязджаў і дапамагаў па гаспадарцы. Чахол у яго таксама з’явіўся невыпадкова. Ён граў на акустычнай гітары.

Еўрарадыё: То бок канфліктаў з маці ва Улада не было?

Знаёмая К.: Мама яго вельмі любіць, заўжды бегае за ім. Яна верніца, а ён атэіст. Але ў цэлым у іх адносіны нібыта былі нармальныя. Маці, здаецца, нідзе не працавала, дзе яны бралі грошы, я не ведаю. Улад мог сам сябе забяспечваць. Я не ведаю, праўда, як ён зарабляў. Але казаў, што сам аплачваў рэпетытараў перад паступленнем. 

Еўрарадыё: Ці быў ён аматарам камп’ютарных гульняў?

Знаёмая К.: Не, гэта не ягонае. І ноўтбук у яго з’явіўся нядаўна. Ён не гуляў ні ў якія гульні. І нават у сацыяльных сетках амаль ніколі не сядзеў. Была ў яго старонка, але ён яе даўно выдаліў, там няма ніякай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?