Моладзевую арганізацыю Партыі БНФ «Моладзь БНФ» узначаліў Юрый Лукашэвіч.

moladz.info

VI з'езд арганізацыі адбыўся 9 кастрычніка ў Мінску. Яго ўдзельнікі адмянілі рашэнне папярэдняга з'езда аб скасаванні пасады кіраўніка. Пасля прыняцця змяненняў у статут адбыліся выбары кіраўніка, якім стаў Юрый Лукашэвіч.

«Праявіўся яркі лідар, чаго ў «Моладзі БНФ» ужо даўно не было, — заявіў у каментары БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Заўсёды лепш, калі ў арганізацыі ёсць адзін кіраўнік, які працуе ў кампаніі з астатнімі, чым калі няма аднаго твару ў арганізацыі».

«Наша моладзь вырашыла, што цяпер фармат кіравання арганізацыяй будзе ажыццяўляцца не праз дзейнасць савета, а стане больш традыцыйным з наяўнасцю старшыні і яго намесніка», — дадаў старшыня партыі.

Дэлегаты з'езда таксама прынялі змены ў статут, якія абмяжоўваюць знаходжанне на пасадзе кіраўніка арганізацыі да двух разоў. Акрамя таго, прадугледжана фарміраванне савета, які складаецца з намеснікаў кіраўніка арганізацыі, кіраўнікоў гарадскіх арганізацый і актывістаў, якія курыруюць канкрэтныя кірункі працы.

Сімвалам арганізацыі быў зацверджаны герб з выявай фенікса.

«Нам вельмі важна, што моладзевая арганізацыя атрымала новы імпульс развіцця, прыток новых людзей, — падкрэсліў Янукевіч. — Ужо некалькі месяцаў «Моладзь БНФ» працуе больш актыўна. Быў перыяд змены пакаленняў, які зацягнуўся, цяпер прыйшла новая генерацыя людзей — гэта выключна важна для партыі. Калі ў партыі няма моладзевай арганізацыі, яе будучыня пад сумневам».

Мэты «Моладзі БНФ» — аб'яднанне беларускай моладзі на аснове каштоўнасцяў свабоды, незалежнасці і дэмакратыі, садзейнічанне нацыянальнаму адраджэнню, беларусізацыі, а таксама змена аўтарытарнага рэжыму і вяртанне да Канстытуцыі 1994 года.

Сярод задач арганізацыі значыцца падрыхтоўка будучых лідараў Партыі БНФ, палітычная адукацыя і выхаванне моладзі на грунце нацыянальных каштоўнасцяў, папулярызацыя беларускай мовы, культуры, гісторыі, паляпшэнне іміджу БНФ сярод насельніцтва і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?