У Мінску 11-гадовы школьнік на забавы і пакупкі для аднагодкаў выдаткаваў больш за 16 тысяч рублёў, якія скраў у бацькі-прадпрымальніка, паведаміла прэс-афіцэр Ленінскага РУУС Таццяна Кавалёва.

«Падлетак без дазволу ўзяў ключ ад пакоя, дзе бацька захоўваў грошы (у далярах), і выкрадаў іх часткамі на працягу чатырох месяцаў. Пры гэтым яго сябры падчас крадзяжоў стаялі побач з пакоем і глядзелі, каб ніхто не ўвайшоў. Непаўнагадовы выдаткоўваў грошы на забавы, купляў для аднагодкаў дарагія падарункі. У прыватнасці, былі набыты мабільны тэлефон, ровар коштам 600 рублёў і іншы спартыўны інвентар. Двум сябрам падлетак купіў клетку і трох хамякоў. Аднаму з хлопцаў ён перадаў 600 рублёў, за якія маці аднаго набыла тэлевізар. Агульная шкода бацьку-прадпрымальніку ў выніку склала больш за 16 тысяч рублёў», — адзначылі ў РУУС.

Як высветлілася, школьнікі ўсё лета штодня каталіся на атракцыёнах у парках забаў, некалькі раз у дзень наведвалі рэстаран хуткага харчавання. Валюту прасілі абмяняць дарослых мужчын, якія злоўжываюць спіртным, абяцаючы пры гэтым набыць для іх алкаголь.

У дзеяннях чатырох непаўналетніх угледжваецца склад крымінальна каральнай дзеі, прадугледжанай ч.2 арт. 205 (крадзеж, учынены групай асоб) КК РБ. «Хлопцы яшчэ не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, з якога настае крымiнальная адказнасць, таму вынесеная пастанова аб адмове ў распачацці крымінальнай справы. У дачыненні да бацькоў будуць складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 9.4. КоАП Беларусі (невыкананне бацькамі абавязкаў па выхаванні дзяцей), штраф па дадзеным адміністрацыйным правапарушэнні прадугледжвае да 10 базавых велічынь», — удакладнілі ў РУУС.

Адміністрацыйныя пратаколы будуць разгледжаныя на камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, дзе таксама будзе разгледжанае пытанне аб пастаноўцы школьнікаў на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?