Супрацоўнікі нацыянальнага аэрапорта Мінск, пачуўшы пра тратыл у сумцы, успрынялі гэта як пагрозу бяспецы, што адпавядае міжнародным стандартам працы. Пра гэта заявіў начальнік змены службы авіяцыйнай бяспекі аэрапорта Анатоль Крупін 10 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Сёння там пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да грамадзянкі Расіі Марыі Рымар, затрыманай за заведама непраўдзівае паведамленне пра небяспеку.

Паводле слоў Крупіна, праходжанне ручнога кантактнага надгляду, ад якога Рымар адмовілася, перш чым сказаць пра выбухоўку, уваходзіць у абавязкі пасажыра, інакш ён можа быць зняты з рэйса. «Я атрымаў інфармацыю ад старшага інспектара — тое, што пасажыр заявіў, што ў яго знаходзіцца ў ручной паклажы тратыл. Я не ўспрымаю сітуацыю так, што жартавала яна ці не, мы гэта ўспрымаем як пагрозу, а далей працуем па алгарытме дзеянняў», — растлумачыў спецыяліст.

Нагадаем, юрыст грамадскага ЛГБТ-руху «Аверс» з Самары Марыя Рымар, якая накіроўвалася з Кіева ў Маскву транзітам праз Беларусь, была затрыманая 7 ліпеня. Паведамлялася, што яна няўдала пажартавала ў размове з інспектарам службы грамадскай бяспекі ў пункце надгляду перад пасадкай на рэйс, заявіўшы, што ў яе ў сумцы знаходзіцца выбуховае рэчыва. У дачыненні да Рымар была распачатая крымінальная справа за непраўдзівае паведамленне пра небяспеку, а таксама адміністрацыйная справа за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Сёння ў судзе былі заслуханыя паказанні большасці сведкаў: супрацоўнікаў службы бяспекі, якія надглядалі Рымар, міліцыянераў, якія яе затрымлівалі, а таксама эксперта-выбуховатэхніка з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Затым былі даследаваныя пісьмовыя матэрыялы справы.

Грамадзянка Расіі віну не прызнала і заявіла, што такім чынам спрабавала пазбегнуць неабгрунтаванага, на яе думку, ручнога надгляду перад трапляннем у стэрыльную зону аэрапорта. Пасля надгляду на інтраскопе, паводле слоў жанчыны, яна адмовілася ад асабістага надгляду інспектарам аховы, паколькі ёй фізічна непрыемны кантакт з незнаёмымі людзьмі, а раней у зале чакання аэрапорта яна бачыла відэаролік з правіламі надгляду, у якім тлумачылася, што, калі ў багажы пасажыра не знойдзена падазроных рэчаў, пасля рамкі металашукальніка ён можа свабодна прайсці ў стэрыльную зону.

Адзначым, раней Рымар адмаўляла, што яе ўказанне на ручную паклажу і паведамленне, што тратыл знаходзіцца там, з'яўлялася жартам. Аднак на сённяшнім пасяджэнні быў прадэманстравана запіс з відэарэгістратара ў зоне надгляду, з якога вынікае, што яна сказала супрацоўніку службы бяспекі Крупіну, што ў яго падначаленых няма пачуцця гумару.

Па просьбе дзяржабвінаваўцы Рымар патлумачыла свае дзеянні: «Гэта быў такі англійскі гумар, без усмешкі: чаму вы ў мяне шукаеце тратыл, паглядзіце, ён там, у рэчах, якія прайшлі надгляд. Але потым я ўбачыла, што мяне не разумеюць».

Судовы разбор працягнецца найбліжэйшымі днямі. Па ч. 1 арт. 340 КК (заведама непраўдзівае паведамленне пра небяспеку) Рымар пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?