Стэнаграму заяў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, зробленых перад журналістамі пасля сустрэчы з ягоным польскім калегам Вітольдам Вашчыкоўскім у Варшаве, публікуе беларускае МЗС. Заўважым, што прамову Макей рабіў па-беларуску. 

mfa.gov.by

mfa.gov.by

— Заключана больш за 200 розных міжурадавых, міждзяржаўных і рэгіянальных пагадненняў і дамоваў ва ўсіх сферах — пачынаючы з палітычнай, эканамічнай і заканчваючы вайсковай. На жаль, і ў мінулым, і зараз здараюцца пэўныя канфлікты, пэўныя праблемныя сітуацыі ў нашых адносінах. У першую чаргу гэта звязана з пытаннем гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, з пытаннямі паставак газу і нафты і інш. У мінулым былі «цукровыя» і «малочныя войны».

Прытым што Беларусь «разумее подбіўку» гэтых канфліктаў, бакі павінны вырашаць усе праблемы, перакананы Макей.

— Што датычыць прынцыповых нашых падыходаў, мы не збіраемся адрывацца ад Расіі. Мы разумеем, што ў эканамічным плане Беларусь дастаткова моцна залежыць ад гэтага, але мы хочам адысці ад гэтай моцнай залежнасці, быць менш залежнымі ад адной дзяржавы, што асабліва непаўнаварта ў перыяды фінансава-эканамічных крызісаў. Мы былі сведкамі гэтага.

Але гэта не значыць, паўтарыў кіраўнік МЗС, што Беларусь мае намер разарваць усе сувязі з Расіяй.

— Наадварот, мы маем намер гэтыя сувязі ўмацоўваць, але разам з тым мы лічым, што ў нашых нацыянальных інтарэсах развіццё нармальных добрасуседскіх адносін з нашымі заходнімі партнёрамі, з краінамі Еўрапейскага саюза, з Еўрапейскім саюзам у цэлым, ды і з іншымі геапалітычнымі гульцамі — з ЗША, з іншымі цэнтрамі сілы, з Кітаем і шэрагам іншых краін.

Па словах міністра, Мінск хоча знайсці «разумны, пазітыўны баланс у адносінах з усімі дружалюбнымі краінамі і кантынентамі».

Сваю сустрэчу з Вашчыкоўскім Макей назваў адкрытай і шчырай.

— Зразумела, у некаторых напрамках у нас захоўваюцца розныя пункты гледжання. Ведаеце, што датычыцца нашых двухбаковых адносін, то тут у нас няма ніякіх праблем… Я ўпэўнены, што ў цяперашні час Беларусь і Польшча перажываюць гістарычны момант пераходу ў новую фазу двухбаковых адносінаў, у якім больш не будзе месца недаверу, канфрантацыі, інтрыгам, састарэлым стэрэатыпам і нейкім ідэалагічным забабонам.

Акрамя сустрэчы з кіраўніком МЗС Польшчы, Уладзімір Макей правёў перамовы з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?