Працэс па справе Паліенкі распачаўся 11 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.

Дзмітры, адзін з затрыманых АМАПам раварыстаў з прабегу «Крытычная маса», пад вартай застаецца ўжо амаль паўгода. Хлопца судзяць за «гвалт ці пагрозу гвалту» ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, а таксама, як стала нядаўна вядома, — нібыта за распаўсюд порна ў сеціве.

Дзмітры Паліенка прыйшоў у суд у майцы ШОС. 

Пачаўся суд з хадайніцтва Паліенкі.

«Суддзі не давяраю. Вы саджалі людзей на суткі — няма вам даверу», — сказаў Паліенка і заявіў адвод суддзі Валерыю Есьману. Яго пазіцыю падтрымала і адвакатка. Але Есьман адхіліў гэтае хадайніцтва.

Віны сваёй Дзмітрый Паліенка не прызнаў. Паказанні даваць адмовіўся.

Але не адмовіўся ад іх пацярпелы — 32-гадовы інспектар ДПС Уладзімір Калтуноў.

«Ехалі міма на патрульнай машыне, убачылі, як група раварыстаў намагалася вырваць ровар з рук інспектара ДАІ. Пасля мы развярнуліся, там ужо скончылася. Мы пад’ехалі да іх, прасілі па гучнай сувязі пакінуць праезную частку, яны ігнаравалі. Адзін з іх, Канавалаў аддзяліўся ад натоўпу, пачаў выязджаць на трэцюю і чацвёртыя палосы, — распавёў Калтуноў. — Каманда паступіла затрымаць. Я выйшаў з машыны, бачу, што ровар едзе на мяне і спыняцца не збіраецца. Я зрабіў знак, каб ён спыніўся, але ён толькі павялічыў хуткасць. Я схапіў яго, мы ўпалі. Падышоў іншы супрацоўнік ДАІ, пачаў аказваць дапамогу мне, пад’ехалі таксама і іншыя раварысты. Мяне хтосьці рэзка дзёрнуў за правы рукаў — гэта быў, як я разумею сёння, Паліенка — я перахапіў яго руку, ён спрабаваў вырвацца і адштурхваў мяне рукамі. Я яго схапіў, прыцягнуў да сябе і ўжыў фізічную сілу — некалькі ўдараў у тулава. Здаецца, два».

Пасля гэтых удараў Паліенка перастаў аказваць супраціў. Па словах інспектара — «лёг на асфальт». У самога міліцыянта аказалася разарванай куртка.

Пацярпелы Уладзімір Калтуноў. 

Сам Калтуноў кажа, што прэтэнзій да Паліенкі ў яго няма.

«Колькі разоў штурхнуў вас абвінавачаны?» — спытаў у Калтунова суддзя Есьман.

«Разы два».

«Калі суд прызнае яго вінаватым, вашае меркаванне — строга ці не строга трэба яго пакараць?»

«На меркаванне суда», — сказаў Калтуноў.

У якасці сведкі быў выкліканы і іншы інспектар ДПС Дашыневіч, напарнік Калтунова. Ён пераказаў паказанні пацярпелага пра затрыманне. Праўда, што там адбылося паміж Калтуновым і Паліенкам, мужчына не бачыў.

Дзмітры Паліенка размаўляе з адвакаткай. 

«Затрымлівалі Канавалава. Потым пад’ехаў АМАП, - паціснуў плячыма ён. — Бачыў толькі, што пасля ў Калтунова куртка была ўжо парваная».

Затым выступіў Уладзімір Руткоўскі, індывідуальны прадпрымальнік. Ён праязджаў міма, убачыў затрыманне раварыстаў і спыніўся дапамагчы:

«Я ўбачыў, што пачалася бойка — маленькі там адцягваў вялікага ад яшчэ аднаго, тлустага…»

«Называйце, калі ласка, супрацоўнікаў міліцыі супрацоўнікамі міліцыі. Іншых — напрыклад, маладымі людзьмі», — зрабіў яму заўвагу пракурор.

На суд прыйшло шмат народу: праваабаронцы, журналісты, актывісты, сябры і знаёмыя Паліенкі. Прысутны быў і Павал Севярынец.

«Пасля ўсяго каўнер у курткі ў інспектара быў адарваны. Цягнуў за яго той, маленькі. Затым выбеглі АМАПаўцы, пазабіралі ўсіх», — сказаў Руткоўскі.

Праўда, канкрэтна бойкі ці таго, як Паліенка менавіта адрываў штосьці ад курткі, сведка не бачыў.

Наступным сведкам выступіў Аляксандр Паліенка, бацька абвінавачванага. Па законе мог адмовіцца даваць паказанні, але не стаў. Ён распавёў, што маці Дзмітрыя памерла тры гады таму.

«Мой сын — чалавек добры, мае сваё меркаванне. У школе вучыўся добра. Пасля школы працаваў на МАЗе, слесарам, затым у краме — раскладваў прадукты. Ва ўніверсітэт паступаць пакуль не збіраўся, казаў, што спачатку на вучобу трэба зарабіць грошай», — расказаў Аляксандр Паліенка.

Па словах бацькі, сын дапамагаў яму і грашыма, і ў хатніх справах. Сам Аляксандр Паліенка пенсіянер і інвалід па зроку.

Пасля невялікага перапынку паседжанне працягнулася. 

Пасля перапынку ў якасці сведкі выступіў амапавец Вольскі. Яго паказанні спачатку нічым не адрозніваліся ад паказанняў іншых: Паліенка штурхауў даішніка, цягнуў за вопратку.

Але пэўныя разыходжанні ўсё ж былі.

«Абвінавачаны чапляўся за ровар. У дачыненні да яго прымянілі фізічную сілу, каб адчапіць. Пасля ён штурхануў у грудзі інспектара», -= паведаміў амапавец.

Затым пракурор зачытаў паказанні Канавалава, хлопца, з затрымання якога ўсё і пачалося. Сам Канавалаў на суд не прыйшоў, бо зламаў нагу.

Згодна з паказаннямі хлопца, на іншыя палосы ён выязджаў, бо не мог адразу пасля каманды даішнікаў з’ехаць на тратуар з-за «асаблівасцей канструкцыі ровара». Затым інспектар ДАІ выйшаў з машыны, схапіў яго за руку, яны ўпалі на зямлю. На яго адзелі кайданкі, сцвярджае Канавалаў, даішнік паабяцаў яму, што будзе распачатая справа за непадпарадкаванне.

Затым суддзя зачытаў апісанне запісу відэарэгістратара са службовай машыны ДАІ, запісаў з камер відэаназірання. Згодна з гэтым, Паліенка сапраўды цягнуў інспектара за рукаў, пасля чаго той пару разоў ударыў хлопца.

Пасля былі агучаныя вынікі медычных экспертызаў. У Калтунова цялесных пашкоджанняў не было. У Канавалава былі лёгкія цялесныя пашкоджанні на плячы, якія, на думку экспертаў, маглі быць вынікам падзення з ровара.

Затым — іншае заключэнне экспертаў. Згодна з ім, 22-гадовы Паліенка «пакутуе ад цяжкай залежнасці ад алкаголю». Але ж на момант затрымання хлопец быў цвярозы.

Агучыўшы гэта, суддзя імкліва перайшоў да матэрыялаў, прысвечаных камп’ютару хлопца і размяшчэння Паліенкам спасылкі на «порна». Паліенка на сваёй старонцы ў сацсетках змясціў спасылку на 19-секундны ролік пад назвай «БелМузТВ паказвае порна» (у 2013 годзе інжынер канала, які меў асабістыя крыўды да працадаўцаў, сапраўды выдаў порна ў жывы эфір). Таксама Есьман адзначыў, што раней Паліенка меў некалькіі адміністрацыйных спраў.

Пасля суддзя праглядзеў відэазапісы з рэгістратараў машын ДАІ (праўда, паставіў манітор так, што прысутным не было бачна, што на ім адбываецца). Затым выслухаў тлумачэнні Паліенкі, якія ў яго ўзялі неўзабаве пасля затрымання. У іх хлопец сцвярджаў, што схапіў інспектара Калтунова за руку, каб спыніць збіццё Канавалава. Сам Паліенка, па яго тлумачэннях, атрымаў некалькі ўдараў і ад інспектара і пасля ад амапаўцаў, якія затрымлівалі раварыстаў. 

Пасля перапынку Паліенка з’явіўся ў «стакане» з празрыстай пластыкавай тэчкай у руках. На аркушы паперы ў ёй было вялікімі літарамі напісана «УПСК» і расшыфроўка: «Усе псы сістэмы курвы».

Пракурор папрасіў для хлопца 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады. Таксама, на яго думку Паліенка павінен будзе прайсці прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Адвакат хлопца папрасіла яго апраўдаць.

Сам Паліенка ў апошнім слове падзякаваў усім, хто прыйшоў за падтрымку.

«Мы жывем у сістэме паліцэйскай дзяржавы, дзе ўсё у руках дыктатара, але прыйдзе час і Беларусь будзе свабоднай», — пачаў свой выступ хлопец.

У прамове ён настойваў, што пераслед вядзецца з-за яго палітычнай і грамадскай актыўнасці, узгадаўшы шматлікія «прэвентыўныя затрыманні», напрыклад, перад чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе.

Напрыканцы Паліенка зачытаў верш былога палітвязня Ігара Аліневіча, прысвечаны, скажам так, няпростаму лёсу палітвязня і ягонай цвёрдай пазіцыі. У вершы міліцыянты адкрыта называліся «мянтамі» і «легавымі».

Зала сустрэла гэта апладысментамі.

Прысуд Паліенку будзе агучаны 12 кастрычніка а 14 гадзіне.

***

Нагадаем, што Дзмітрый Паліенка знаходзіцца пад вартай з канца красавіка, калі ён быў затрыманы разам з іншымі ўдзельнікамі «Крытычнай масы» — масавага прабегу раварыстаў. Увечары 29 красавіка ўдзельнікаў прабегу жорстка затрымаў АМАП: 6 чалавек моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць двух былі распачатыя крымінальныя справы. Праўда, пераслед аднаго з іх, Станіслава Канавалава быў спынены.

Паліенку судзяць за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». За гэта прадугледжана адказнасць у выглядзе арышту, абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў.

Акрамя гэтага, дадаткова яго абвінавачваюць за «выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару», па якім хлопцу пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?