Валянцін — бацька 17-гадовага Уладзіслава К., які з бензапілой і сякерай напаў на наведвальнікаў ГЦ «Еўропа», жыве ў прыватным сектары ў Мінску. Тата не разумее, як з яго сынам такое магло адбыцца, і вінаваціць ва ўсім моцнадзейны прэпарат.
sk.gov.by
На пытанне, чаму Улад жыў асобна, тата падлетка адказваць не стаў: «Гэта іншая тэма». У голасе мужчыны — боль і жах.
— Мы таксама не разумеем, як гэта адбылося. Ён быў залатым дзіцем. Усім дапамагаў. Марыў стаць юрыстам, таму паступіў у МІТСО — распавядае тата. — Мы лічым, гэта прэпарат.
— У яго былі праблемы са здароўем?
— Не, у яго былі праблемы са скурай твару, таму ён камплексаваў. Летам яму прапісалі моцнадзейны прэпарат. І ў яго здарыўся моцны пабочны эфект, ён паўплываў на псіхіку. Улад піў яго з лета. Да гэтага былі іншыя прэпараты, якія яму не дапамаглі. І доктар прызначыў гэты — швейцарскі.
— А што яму не падабалася ў сваёй знешнасці?
— Прышчыкі, яны ж хутка не праходзяць. У падлеткавым узросце з-за іх камплексуюць і дзяўчынкі, і хлопцы. Ён вельмі добры, залатое дзіця.
— Газета «Рэспубліка» піша, што два гады таму ён спрабаваў забіць сябе, труціўся чадным газам…
— Як сказаў міністр замежных спраў Расіі Лаўроў: «Не верце таму што пішуць у газетах». На папярэднім месцы вучобы (у 6-й гімназіі) яго трохі тузалі … Ён трохі адрозніваўся … Так бывае ў падлеткаў. Мы лічым, што прычына была ў настаўніцы, яна яго давяла. А ў наступнай школе 27-й (у старэйшых класах Уладзіслаў перайшоў ужо ў 27-ю школу), вы можаце навесці даведкі — ніякіх пытанняў да яго не было.
На пытанне ці былі ў сына праблемы з псіхікай, бацька адказваць не стаў. Пакуль размаўлялі, ён толькі паўтараў: «Ён залатое дзіця … Дапамагаў усім і дапамагае».
Дом, дзе жыве бацька Уладзіслава, падзелены на дзве часткі. Другая палова — яго дзядзькі Валерыя Мікалаевіча. Паловы падзеленыя высокім плотам, родныя мала кантактуюць, але пра сваяка і яго сям'ю гавораць толькі добрае.
— Працуе, не п'е, не курыць. Вядзе здаровы лад жыцця. Кожную раніцу ходзіць на зарадку. Ці часта прыходзіў да яго Улад, я не ведаю. Ды мы і з Валянцінам, калі ўбачымся, толькі «Добры дзень, добры дзень». Сына яго бачыў толькі адзін раз, на пахаванні.
Пра тое, што мама Улада і сястра жывуць за мяжой, сваякі даведаліся са СМІ.
— Нам, калі міліцыя прыйшла пра Улада пытацца, адразу нават толкам не патлумачылі, што адбылося. Сказалі, лепш вам не ведаць. Гэта мы потым супаставілі і зразумелі, што здарылася. У нашай сям'і ніколі такога не было, каб хтосьці кагосьці забіў.
— Паведамляюць, што ў 2014 годзе Улад праходзіў лячэнне ў псіханеўралагічным дыспансеры.
- У нашай сям'і ніколі ні ў кога не было спробаў суіцыду. Калі такое і здарылася, то, напэўна, гэта хавалі. Я не ведаю. Бацькі Улада — добрыя людзі.