Уладзімір Андрэйчанка абраны старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Выбары кіраўніка новага парламента адбыліся 11 кастрычніка.

Андрэйчанка вылучаўся на пасаду старшыні на безальтэрнатыўнай аснове. За яго па выніках тайнага галасавання свае галасы аддалі 109 дэпутатаў, супраць — адзін. Андрэйчанка з`яўляўся старшынёй Палаты прадстаўнікоў чацвёртага і пятага скліканняў.

«Для мяне гэта вялікі гонар, — пракаментаваў Андрэйчанка вынікі галасавання. — Гэта ацэнка не толькі маёй дзейнасці, але і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання». «У Палату прадстаўнікоў шостага склікання прыйшлі годныя, неабыякавыя, вельмі падрыхтаваныя людзі. Думаю, у нас будзе канструктыўная зладжаная праца па рэалізацыі палітычнага курсу, выпрацаванага народам і прэзідэнтам», — дадаў ён.

Абраць Андрэйчанку на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў прапанавала дэпутат Наталля Гуйвік. Яе ў сваіх выступленнях падтрымалі яшчэ некалькі парламентарыяў. На думку Гуйвік, Андрэйчанка з`яўляецца «лідарам, якога паважаюць, да думкі якога прыслухоўваюцца не толькі дэпутаты, але і прадстаўнікі іншых галін улады».

Сам Андрэйчанка падчас свайго выступлення заявіў, што паспрабуе «апраўдаць давер, зрабіць усё, каб павысіць аўтарытэт парламента». Ён таксама адзначыў, што неабходна павысіць «адкрытасць выбарчага працэсу», «не баяцца чужога пункта гледжання». Аднак, дадаў Андрэйчанка, «спрэчкі і дыскусіі не павінны перашкаджаць канструктыўнай парламенцкай працы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?