Заява дэпутата бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Утэ Фінк-Крэмер, якая наведала Мінск, аб зняцці табу на афіцыйныя кантакты нямецкага і беларускага парламентаў з'яўляецца яе асабістым меркаваннем, паведамілі ў прэс-службе фракцыі СДПГ.

З 4 па 6 кастрычніка ў Мінску знаходзіліся прадстаўнікі германа-беларускай парламенцкай групы дружбы — яе кіраўнік Олівер Качмарак і дэпутат Утэ Фінке-Крэмер (абодва — СДПГ). Яны сустрэліся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, намеснікам міністра эканомікі Дзмітрыем Крутым, старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, прадстаўнікамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу. Акрамя таго, дэлегацыя правяла сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, наведала беларуска-германскі дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Надзея» і Парк высокіх тэхналогій.

«Сустрэча адкрые новы этап міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, і мы разлічваем на пазітыўнае развіццё партнёрства па ключавых пытаннях», — заявіў Міхаіл Мясніковіч, якога цытавала прэс-служба СР НС. Ён таксама паведаміў, што група дружбы з бундэстагам ў Нацыянальным сходзе будзе сфарміравана ў першыя дні пасяджэння сесіі парламента новага склікання і «бакі змогуць у поўнай меры выкарыстаць яе патэнцыял для арганізацыі поўнамаштабнага дыялогу».

Кожны дзень Фінке-Крэмер дзялілася ў фэйсбуку сваімі ўражаннямі аб знаходжанні ў беларускай сталіцы. У прыватнасці, яна адзначыла, што горад змяніўся ў параўнанні з 1983 годам, калі яна яго наведвала. Макей, паводле яе назіранняў, размаўляе па-нямецку так, што не патрэбны перакладчык, а візіт у «Надзею» кантраставаў з сустрэчай у Мінэканомікі на тэму будаўніцтва АЭС.

У інтэрв'ю парталу tut.by Фінке-Крэмер заявіла, што нельга ставіцца да беларускага парламента крытычней, чым да расійскага, кітайскага або азербайджанскага. З усімі з гэтых органаў у бундэстага афіцыйныя кантакты ёсць. «Можна сказаць, што табу на такія кантакты знятае і ў дачыненні да парламента Беларусі», — сказала яна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?