Навукоўцы Школы медыцыны Бостанскага універсітэта Дэніэл Ааран і Майкл Сігел заявілі, што найбуйнейшыя вытворцы газаваных напояў — кампаніі Coca-Cola і PepsiCo — фінансавалі як мінімум 96 розных арганізацый са сферы аховы здароўя, піша medportal.ru са спасылкай на medicalnewstoday.com.

Вядома, што залішняе ўжыванне цукру шкодзіць здароўю — яно можа прывесці да атлусцення, дыябету і развіцця захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Па гэтай прычыне гіганты індустрыі, прасоўваючы ўласныя інтарэсы, плацілі даследчым арганізацыям, каб тыя пры правядзенні навуковых даследаванняў публікавалі вынікі, якія падтрымліваюць лобі Coca-Cola і PepsiCo.

Зусім нядаўна журналісты The New York Times распавялі, што на працягу доўгага часу інфармацыю пра шкоду цукру ўтойвалі — вытворцы плацілі даследчыкам за маўчанне. Тое ж самае адбывалася і на рынку салодкіх газаваных напояў, рост спажывання якіх стаў у ЗША вялікай праблемай.

Дэніэл Ааран і Майкл Сігел прааналізавалі інфармацыю пра тое, якія кампаніі атрымлівалі грошы ад Coca-Cola і PepsiCo. Аказалася — на аснове інфармацыі толькі з адкрытых крыніц — што Coca-Cola спансавала 83 кампаніі са сферы аховы здароўя, PepsiCo — адну, яшчэ 12 фірмаў бралі грошы ў абодвух гігантаў. Паколькі PepsiCo не друкуе спіс кампаній, якім плаціць, хутчэй за ўсё на самай справе агульная колькасць арганізацый, якія атрымлівалі фінансаванне ад вытворцаў газаваных напояў, значна перавышае 96.

Абодва гіганты індустрыі таксама вялі актыўную кампанію супраць 28 законапраектаў у сферы аховы здароўя ЗША. Гэтыя дакументы павінны былі пайсці на карысць здароўю амерыканцаў, аднак яны б знізілі прыбытак Coca-Cola і PepsiCo.

Усяго за 2011-2015 гады вытворцы патрацілі каля 10 мільёнаў даляраў на супрацьдзеянне ініцыятывам урада ў галіне аховы здароўя (больш за 6 і больш за 3 мільёны адпаведна). Высветлілася, што грошы бралі нават такія, здавалася б, зацікаўленыя арганізацыі, як American Diabetes Association і Diabetes Research Foundation.

Супрацоўнікі Бостанскага ўніверсітэта настойліва рэкамендавалі арганізацыям са сферы аховы здароўя спыніць браць грошы ў вытворцаў шкодных напояў і знайсці альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання. На думку Аарана і Сігела, сітуацыя, якая склалася, робіць гэтыя арганізацыі часткай маркетынгавай стратэгіі Coca-Cola і PepsiCo.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0