Трамп на мітынгу ў Пенсільваніі 10 кастрычніка, Jonathan Alpeyrie / SIPA / Scanpix / LETA

Трамп на мітынгу ў Пенсільваніі 10 кастрычніка, Jonathan Alpeyrie / SIPA / Scanpix / LETA

У амэрыканскіх СМІ шырока пісалася пра выказваньне Дональда Трампа, што ён, калі пераможа ў выбарах, ня будзе займацца падтрымоўваньнем у сьвеце нацыянальных рухаў (nation-building).

Мала таго, ён будзе адначасна шукаць паразуменьня з Пуцінам, які падабаецца яму як лідар. Усё гэта мае беспасярэдняе дачыненьне да беларускай нацыянальнай справы й разам з тым да пытаньня, як трэба разумець амэрыканскім беларусам свой удзел у перадвыбарнай кампаніі?

Шукаючы адказу, гляньма, як ставіўся ўрад ЗША да беларускай нацыянальнай справы тады, калі развалілася маскоўская «турма народаў», калі па цэлай прасторы «аднае шостае часткі зямлі» адбываўся nation-building, калі паняволеныя народы заявілі аб сваім праве быць незалежнымі, вольнымі? Злучаныя Штаты тады наважана падтрымалі нацыянальныя імкненьні падсавецкіх народаў.

Для Вашынгтона развал «турмы народаў» ня быў, так як для Пуціна «найвялікшай катастрофай дваццатага стагодзьдзя». Урад Злучаных Штатаў у асобе прэзыдэнта Джорда Буша старэйшага прызнаў незалежнасьць Рэспублікі Беларусь у тым самым 1991 годзе пасьля прынятых у Менску адпаведных дзяржаватворчых (nation-building) актаў.

Ад таго часу беларуская нацыянальна-дэмакратычная справа бязупынна карыстаецца палітычнай падтрымкай і матэрыяльнай дапамогай з боку Злучаных Штатаў, у тым ліку з боку абедзьвюх партыяў, Рэспубліканскай і Дэмакратычнай.

Тое, што да ўлады ў Беларусі прыйшлі аматары пуцінскага Крамля, якім калом у горле стала мова свайго народу, да сёньняшняга дня не спыніла падтрымкі беларускай нацыянальнай дэмакратыі з боку Белага Дому. Пра такую дапамогу найзырчэй сьведчыць фінансаваньне беларускамоўнага вяшчаньня й выдавецкай справы радыё «Свабода».

Але, калі да ўлады ў Белым Доме прыйдзе бізнэсмэн, якому падабаецца Пуцін зь ягонымі мэтадамі кіраваньня й ягоным сьветаглядам, трэба моцна задумацца, ці гэта пойдзе на карысьць беларускаму дэмакратычнаму нацыябудаўніцтву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?