12 кастрычніка ў судзе Оршы распачнецца разгляд адміністратыўнай справы Віталя Паўлава. Чалавека абвінавачваюць у дробным хуліганстве. За што? За выбары.
Віталь Паўлаў. Фота прэс-службы БНФ.
Паўлаў быў затрыманы 12 верасня, на наступны дзень пасля выбараў, калі ішоў на аршанскі чыгуначны вакзал, каб паехаць у Мінск на акцыю пратэсту.
«Міліцыянты Валянцін Межусь і Руслан Папко пад пагрозай сілы змусілі актывіста сесці ў міліцэйскую машыну і адвезлі ў пастарунак. Там яго двойчы абшукалі і змясцілі ў камеру часовага ўтрымання, а затым прапанавалі азнаёміцца з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні — дробным хуліганстве, — паведамляе прэс-служба партыі БНФ. — Паводле пратакола, у дзень галасавання 11 верасня на ўчастку №5, дзе Віталь Паўлаў прысутнічаў у якасці назіральніка, ён, нібыта, нецэнзурна лаяўся і абражаў старшыню камісіі Наталлю Вайцяховіч, за што быў выдалены з участка. Пры гэтым маёр міліцыі Андрэй Лапцінскі не дазволіў фронтаўцу азнаёміцца з заявай, на падставе якой быў складзены пратакол».
Сам Віталь Паўлаў сцвярджае, што ніякага правапарушэння не ўчыняў, а адміністратыўны пераслед стаў вынікам ягонай спробы трапіць у Менск на вулічную акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў», якая адбылася 12 верасня. Як кажа Паўлаў, ён рабіў заўвагі старшыні камісіі, якая перашкаджала назіраць за падлікам галасоў, аднак лаянкі і абразаў не выказваў, і з участка ніхто яго не выдаляў. Памяшканне для галасавання ён пакінуў пасля закрыцця ўчастка самастойна, разам з іншымі назіральнікамі. Тым не менш, пратакол быў накіраваны ў суд.