12.10.2016 / 22:31

Валянцін Акудовіч: «Макс Шчур — неблагі выбар» 2

Многія ставілі на тое, што сёлета прэмію Гедройца атрымае Валянцін Акудовіч за кнігу «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне». Аднак яго імя няма сярод тройкі пераможцаў.

Валянцін Акудовіч на цырымоніі. Фота Сяргея Гудзіліна

Пасля цырымоніі ўзнагароджання мы запыталіся ў спадара Валянціна, як ён ставіцца да сёлетняга выбару журы.

«Я не скажу, што я асабіста чакаў прэміі. Я тут крыху фаталіст і нават містык: сыдуцца зоры ці не сыдуцца. Я першыя тры гады быў у журы прэміі Гедройца, таму добра ведаю, што момант нечаканасці, а то і выпадковасці, ёсць досыць часта. І мяне асабіста не заўсёды задавальняў выбар таго журы, у якім я быў. А часам проста дзівіў. Таму, скажам так: трэба ўмець прайграваць.

Тое, што Макс Шчур атрымаў першае месца, — гэта неблагі выбар. Магчыма, для мяне гэты аўтар не найлепшы сёлетні выбар, але разам з тым, ён блізкі да таго, хто мог бы заняць першае месца.

Цяпер фармуецца моцны корпус празаікаў 30-40 гадоў. Альгерд Бахарэвіч, Павел Касцюкевіч, які напісаў проста магутную рэч «План Бабарозы», вельмі цікавы Андрэй Адамовіч. Пакуль яшчэ незразумела, ці будзе ён далей пісаць прозу, ці гэта быў проста такі выбух. Але відавочна, што ў яго ёсць патэнцыял. Я ўжо залічваю ў гэты корпус новай моцнай беларускай прозы і Макса Шчура. Таму ў цэлым сітуацыя выглядае досыць сімпатычна.

Сённяшні выбар якраз і пацвярджае, што ў нас ужо ёсць моцная канкурэнцыя».

Настасся Роўда

0
Васіль / Адказаць
13.10.2016 / 07:47
Віншую пераможцаў! Падкажыце адсталаму, дзе пачытаць "План Барбарозы" П. Касцюкевіча?
0
Тарас / Адказаць
13.10.2016 / 11:57
Вельмі шкада што перамог не Акудовіч.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру