Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага РУУС Мінска сумесна з калегамі з ГУУС і УУС Гомельскага аблвыканкама затрымалі гамяльчаніна, які набыў у сталіцы тавары за фальшывыя банкноты, якія вырабіў самастойна.

Як паведамілі ў райупраўленні міліцыі, у органы ўнутраных спраў звярнулася жанчына і распавяла, што малады чалавек набыў у яе дзве пары абутку, а расплаціўся фальшывымі грашыма. Праўда, засумнявалася жанчына ў сапраўднасці купюр толькі дома.

На працягу некалькіх гадзін пасля звароту ў міліцыю хлопец быў затрыманы. Ім аказаўся 22-гадовы жыхар Гомеля. Малады чалавек распавёў, што на такі адчайны крок ён пайшоў дзеля сваёй дзяўчыны, якой паабяцаў купіць дзве пары абутку. Тавар, які прывезла знаёмая дзяўчыны, ён атрымаў у Мінску і расплаціўся за яго фальшывымі грашыма (7 купюр вартасцю 50 дэнамінаваных рублёў).

Як патлумачыў начальнік Маскоўскага (Мінска) раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Дзяніс Кузьменка, у ходзе даследавання экспертамі было выяўлена, што выявы на сямі грашовых банкнотах вартасцю 50 дэнамінаваных рублёў Нацыянальнага банка Беларусі былі выкананыя спосабам каляровага капежна-струменевага друку. 

Затрыманы прызнаўся, што надрукаваў грошы самастойна дома. Там былі выяўленыя і канфіскаваныя ў якасці рэчыўных доказаў злачыннай дзейнасці капіявальная машына, аргтэхніка, прынтар і падрыхтаваныя для вырабу купюр лісты з надрукаванымі фальшывымі 50-рублёвымі купюрамі.

Маладому чалавеку выстаўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 221 КК (выраб, захоўванне або збыт падробных грошай ці каштоўных папер) і да суда абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Санкцыя артыкула прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?