Кнігай, якую настойліва трэба адрэкамендаваць Ганне Канапацкай і Алене Анісім у якасці настольнай (акрамя самавідавочнага Макіявелі), з’яўляецца леташні зборнік «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання». Ён быў выдадзены ў Смаленску і забяспечаны інтрыгоўнай вокладкай (і не вельмі інтрыгоўным падзагалоўкам «Дакументы, факты, каментары»).

11 кастрычніка стартаваў шосты сезон беларускай Палаты прадстаўнікоў. Праходжанне ў ніжнюю палату парламента дзвюх дэмакратычных кандыдатак ужо мела шэраг важных наступстваў. Грамадскасць абмяркоўвае і робіць прагнозы. Перад беларускай паліталогіяй паварот Авальнай залы на 2 градусы разгортвае кавалак новага гарызонту.

Адным з першых мог бы атрымаць выгаду ад сітуацыі Аляксандр Кур’яновіч. Гэты даследчык даволі даўно вывучае беларускія 90-я. Сам выбар аб’екта даследавання варты пашаны, бо стан вывучэння гэтага перыяду гісторыі Беларусі апісваецца, як і пятнаццаць гадоў, загалоўкам кніжкі «Хроника несостоявшегося времени».

Кур’яновіч прапанаваў шэраг істотных публікацый у самых розных фарматах. Гэта навуковыя артыкулы, манаграфія. У 2014—2016 гадах ён рэгулярна друкаваў свае тэксты на nn.by. Працы даследчыка вылучаюцца пазітывісцкай грунтоўнасцю, адсутнасцю адцягненых разважанняў і падкрэсленай акадэмічнай нейтральнасцю. Акрамя таго, яны падкупляюць ужо тым, што яны аб’ёмныя. Гэта рэдкасць у наш твітарны час.

На 800 старонках Кур’яновіч кампануе дакументальныя крыніцы, біяграфічныя даведкі і свае каментары.

З кнігі паўстае багаты на адценні малюнак першага з двух скліканняў Вярхоўных Саветаў часоў незалежнасці. Кніга Кур’яновіча дазваляе скарэктаваць аднабаковасць кніг Навумчыка або, з другога боку, серыялаў АНТ.

Да чаго можа прывесці такі ўплыў, можна пабачыць у нядаўняй публікацыі Андрушы Лазуткіна. Ён справядліва заўважыў, што выбранне Анісім і Канапцкай — перадусім выклік, паколькі заканадаўчая праца (асабліва што да эканомікі) — цяжкая работа. І далей — сакраментальнае: «Ну, пусть, по крайней мере в ОГП, попробуют разработать хоть один законопроект и внести его. Это все-таки немножко сложнее, чем требовать герб с конем, флаг и белорусскую мову, чем уже 20 лет злоупотребляет большая часть оппозиции».

Герб з канём — гэта яўная спасылка на рыторыку БНФ, а арыфметыка (20 гадоў) указвае на час, калі БНФ згубіў прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце (фармальна, як адзначае Кур’яновіч, Апазіцыя БНФ спыніла існаванне 9 студзеня 1996 года — калі, згодна з канстытуцыйнымі нормамі, скончыліся паўнамоцтвы дэпутацкага корпусу ХІІ склікання).

Пасаж Лазуткіна паказальны ў сваёй маніпулятыўнасці. Акурат апазіцыя БНФ прапанавала дзясяткі праектаў законаў эканамічнай і сацыяльнай тэматыкі, ад зямлі да адукацыі.

Тая самая малаабазнанасць на мяжы з маніпуляцыяй гучыць, калі кампанію 2016 года атэстуюць як самую дэмакратычную. Або калі прэзідэнцкія дэбаты 2015 года назавуць першым такім досведам у гісторыі Беларусі. Адзіны голас супраць Белавежскіх пагадненняў можна ўключаць у хрэстаматыі — па паліталогіі, культуры памяці і маркетынгу. Гэта быў голас Валерыя Ціхіні, але праз нейкі час гэты голас пачнуць прыпісваць Аляксандру Лукашэнку.

Кніга Кур’яновіча не зменіць масавых гістарычных уяўленняў — гэта задача сістэмы адукацыі. Але зборнік мае сваю каштоўнасць для чытача навуковых работ і для будучыні.

Па-першае, ён напомніць, што і беларуская апазіцыя мела свой час (адпаведна, мае і сваю гісторыю). Кур’яновіч ахвотна прасочвае парламенцкія паводзіны цяперашняга кіраўніка дзяржавы — ён у 1990—1992 гадах не саромеўся рабіць рэверансы ў бок «Пазняковай хеўры».

У зборніку шмат пра «герб з канём». Побач з гэтым там шмат і аб прыватнай уласнасці на зямлю, эканамічнай рэформе, карупцыі і заканатворчасці. Ён дакументальна разбурае лжывае апавяданне, што ўтварылася вакол БНФ.

Але гэта не галоўнае (ну, для БНФ, можа, і галоўнае).

Галоўнае — па-другое. Галоўнае ўжо прамільгнула ў інтэрв’ю Анісім на радыё «Свабода». Цыганкоў правёў спакуслівую паралель — цяперашні парламент і ВС ХІІ склікання; Анісім без сумнення з ёй пагадзілася. «Вельмі добра вы прыгадалі гэты прыклад. Досвед працы Вярхоўнага Савету 12-га склікання шмат чаму нас навучыў. Я сваю працу ў парламенце разумею так: для таго каб цябе пачулі і ўспрынялі, трэба вельмі сур’ёзна рыхтавацца. Бо ад таго, з якой інтанацыяй, настроем, энергіяй будзеш прамаўляць — ад гэтага залежыць і вынік», — кажа выбраная дэпутатка.

Гісторыя нічаму не вучыць, а паліталогія? Атрымліваць урокі можна з рэчаіснасці, дадзенай табе ў пачуццях, а можна з прафесійнага аналізу.

Зборнік Кур’яновіча — кніга, па якой варта вучыцца. У гэтым сэнсе гэта звычайны падручнік. Часам трохі нудны, педантычны, перапоўнены лічбамі, прозвішчамі і рэферэнцыямі. А часам забаўны. Як звалі чалавека, які ўпершыню ў Вярхоўным Савеце БССР галасаваў супраць — яшчэ ў ХІ скліканні? Інтэрв’ю ў якой раённай газеце было раскошна азаглаўленае «Які ён, парламент па-беларуску?» І ў каго бралі гэтае інтэрв’ю? Хто такія нефармалы? Каго Пазняк з’едліва называў «дэмакратамі на 90%»? Калі і пры якіх акалічнасцях Лідзія Ярмошына стала супрацоўніцай ЦВК?

З гэтага ўсяго складаецца своеасаблівы рымейк купалаўскага «Раскіданага гнязда». З блытаным постмадэрнісцкім сюжэтам і вялікай колькасцю адсылак да сусветнай гісторыі. 1990—1996 — як Старая рэспубліка, са сціплым сенатарам, які робіць на дзвюх работах. Вы ж не думалі, што ў цэнтры ўвагі на працягу кнігі знаходзіцца апазіцыя БНФ? Гэта чыста як у трылогіі Лукаса: у цэнтры ўвагі — дзве работы і неспадзяваны паварот сюжэта, пра які ўсім загадзя вядома.

Заслуга Кур’яновіча — у грунтоўных каментарах і працаёмістым адборы дакументаў.

Многія свае прапановы першы кіраўнік беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч сканчаў пытаннем «Згода?», якое Кур’яновіч атэстуе як «знакамітае шушкевіцкае». У гэтую «згоду», у фірмовае беларускае «і вашым і нашым», пераўтвараецца і пасляслоўе самога аўтара. Дзякуй табе, БНФ, кажа Кур’яновіч, і паспешна дадае: дзякуй і вам, камуністы.

* * *

Перавыдаючы кнігу «Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання», можна будзе напісаць у анатацыі праўдзіва: «Для вучоных, студэнтаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй бацькаўшчыны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?