Галоўнае ўпраўленне па пытаннях міграцыі МУС Расіі афіцыйна пацвердзіла, што экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч знаходзіцца на тэрыторыі Расіі на падставе дадзенага яму часовага прытулку, заявіў адвакат Януковіча Віталь Сярдзюк.

Як паведаміў адвакат агенцтву Інтэрфакс, у адказ на свой запыт ён атрымаў з міграцыйнага ведамства адказ аб тым, што Януковічу дадзены часовы прытулак на тэрыторыі Расіі.

«На ваш запыт ад 4 ліпеня 2016 года паведамляем наступнае: грамадзяніну Украіны Януковічу Віктару Фёдаравічу […] дадзены часовы прытулак на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, што пацвярджаецца сведчаннем аб наданні часовага прытулку на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, серыя ВУ №0107999, выдадзена УМФС Расіі па Растоўскай вобласці», — прыводзіць Інтэрфакс цытату з адказу ўпраўлення МУС на запыт адваката.

Як адзначыў адвакат, раней пракуратура Украіны адмовілася ад правядзення допыту Януковіча (па справе аб гібелі людзей на Майдане ў Кіеве) у Растове-на-Доне, патлумачыўшы гэта тым, што інфармацыя пра месцазнаходжанне Януковіча правяраецца, і ад кампетэнтных органаў Расіі пакуль не атрыманае афіцыйнае пацверджанне яго знаходжання на расійскай тэрыторыі.

Адказ міграцыйнага ведамства, па словах Віталя Сердзюка, абвяргае паведамленні аб змене Віктарам Януковічам грамадзянства.

У кастрычніку 2014 года дарадца кіраўніка ўкраінскага МУС Антон Герашчанка заявіў, што былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, былы прэм'ер-міністр краіны Мікалай Азараў і экс-генпракурор Віктар Пшонка атрымалі расійскае грамадзянства разам з сем'ямі.

Расійская Федэральная міграцыйная служба тады адмовілася ад каментароў адносна прадастаўлення грамадзянства Януковічу, Азарава і Пшонку. Крэмль таксама не каментаваў паведамленні аб змене грамадзянства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?