Днямі дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гатэль Мінск» была прызначаная Назгуль Таламушова. За гэтым прозвішчам хаваецца жонка былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які некалькі гадоў таму атабарыўся ў Беларусі.

ok.ru

РУП «Гатэль Мінск» з'яўляецца адным з ключавых актываў у структуры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі.

Tut.by датэлефанаваўся да Назгуль Таламушовай. Але, выслухаўшы пытанні, яна сказала, што не можа размаўляць. Папрасіла ператэлефанаваць пазней. У выніку каментар атрымаць не ўдалося.

Бакіеў з 2010 года з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, ён лічыць немагчымай сваю экстрадыцыю ў Бішкек, як патрабуе цяперашняя ўлада Кыргызстана.

Па словах Таламушовай, яны разам з Бакіевым жывуць з 1995 года. «Мой будучы муж спадабаўся мне з першага погляду, — распавядала яна ў 2011 годзе інтэрв'ю газеце «Айат». — Нам з ім выпала разам выпрабаваць і слодыч, і горыч жыцця, мы з ім жывем адзінай сям'ёй».

Жонка Бакіева сказала, што палюбіла Беларусь, але не з першага погляду. «Беларусь нам спадабалася, — казала Назгуль Муратбекаўна. — Людзі тут простыя, добрыя, з шырокай душой. Раз так склаліся абставіны, абвыкаеш. Пакуль народ правільна не зразумее і не даведаецца пра невінаватасць Курманбека Саліевіча, нам лепш заставацца тут. Вядома, на радзіме і зямля — золата, але пакуль у нас няма думак вярнуцца ў Кыргызстан».

З першай жонкай Бакіева Таламушова даўно знаёмая і «паважае як жанчыну і маці».

Цікава, што намеснікам дырэктара «Гатэля Мінск» з'яўляецца былы памочнік Лукашэнкі і вядомы дэпутат Віктар Кучынскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?