Уладальнікам аграсядзіб могуць забараніць праводзіць вяселлі і юбілеі, а таксама прымаць адначасова больш за 20 турыстаў. Гэтыя прапановы прапісаныя ў праекце прэзідэнцкага ўказа па ўнясенні змяненняў у заканадаўства аб аграэкатурызме. Дакумент, які размясцілі для абмеркавання на сайце Мінспорту і турызму, літаральна перапалохаў рынак.

Сядзіба «Ганка» ў Мінскім раёне. Фота tut.by

Што прапануюць змяніць для ўладальнікаў аграсядзіб

Уладальнікам аграэкасядзіб хочуць забараніць размяшчаць адначасова больш за 20 турыстаў. Але абмежаванне па колькасці гасцей не распаўсюджваецца на экскурсійныя групы і на ўдзельнікаў падзейных мерапрыемстваў.

Гаспадарам сядзіб таксама нельга будзе праводзіць вяселлі, юбілеі і рытуальныя мерапрыемствы. Каб зарабляць на гэтых паслугах, трэба будзе зарэгістравацца прадпрымальнікам.

Як і цяпер, у сядзібах можна будзе ладзіць экскурсіі, забяспечваць харчаваннем, у тым ліку ўласнай вытворчасці, праводзіць спартыўна-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя і культурныя мерапрыемствы.

З добрых навін — павышаць падатак для іх не маюць намеру, паведамілі ў дэпартаменце па турызме. Цяпер ён складае адну базавую велічыню — 21 рубель. Нагадаем, раней планавалася павялічыць гэтыя зборы ў тры разы.

Як адрэагавалі гаспадары аграсядзіб

У аграсядзібах неадназначна ўспрынялі змены, якія вынеслі на абмеркаванне чыноўнікі. Да прыкладу, гаспадар сядзібы «Вясёлая хата» ў Капыльскім раёне Андрэй Крук распавядае, што за лета правёў тры вяселлі.

— Асабіста на нашу сядзібу ўказ паўплывае не так моцна, як на тых, хто часцей праводзіць вяселлі, — кажа ўладальнік сядзібы. — Бо для многіх сядзіб правядзенне вяселляў — гэта значная частка даходу, многія аграсядзібы жывуць за кошт гэтага, кормяць свае сем'і. Многія, як і мы, бралі льготныя крэдыты. Мы думалі, што да 2021 года нічога не будзе мяняцца.

Нагадаем, ільготы для ўладальнікаў аграсядзіб, у тым ліку на атрыманне льготнага крэдыту, замацаваныя прэзідэнцкім указам № 372, які дзейнічае да 2021 года.

На думку Андрэя Крука, замест якіх-небудзь абмежаванняў лепш павысіць падатак.

— Цяпер смешныя падаткі, яны выклікаюць здзіўленне. Хай бы паднялі падатак да 30 або 50 базавых велічынь, — адзначае Андрэй Крук. — А то ж бываюць сітуацыі, калі прыязджае група з 50 чалавек адпачываць, і як ім растлумачыць, што мы не зможам прыняць столькі людзей.

Уласнік «Вясёлай хаты» перакананы, што «ў цэлым змены, калі іх прымуць, дрэнна адаб'юцца на ўсім бізнэсе, такое паняцце, як экатурызм, можа знікнуць, могуць загубіць галіну».

Яго калега — гаспадар сядзібы «Ганка» ў Мінскім раёне Анатоль Ганец, — разам са сваёй сям'ёй 7 гадоў таму прадаў кватэру ў сталіцы і вырашыў заняцца аграэкатурызмам. Ён перакананы, што «пакуль не варта мяняць указ, які працуе».

— Людзі паверылі дзяржаве, многія пакінулі горад, пераехалі на перыферыю. Навошта ламаць іх лёсы? Многія ўзялі крэдыты, прычым не толькі льготныя. А як зараз іх аддаваць? Многія адмовяцца ад гэтага віду дзейнасці, а некаторыя пераедуць у Расію. Калі мяне гэта закране, то не ведаю, куды мне падзецца. Мая сям'я не патрабуе, каб ёй далі працоўнае месца. Мы самі іх робім. Уяўляеце, колькі людзей стануць беспрацоўнымі? Па маіх падліках, не менш за 4 тысячы чалавек.

Дарэчы, сябры Анатоля з Расіі ўжо прапаноўвалі перабрацца да іх, каб займацца агратурызмам.

На думку мужчыны, трэба ўвесці размежаванні паміж здачай жылля ў наём і аграсядзібай.

— Таксама трэба трэба ўвесці градацыю па размяшчэнні сядзіб ад Мінска — 5, 20, 40 і 80 кіламетраў. Ад змяненняў ва ўказ, калі іх прымуць, пацерпяць у першую чаргу тыя сядзібы, якія знаходзяцца за 80 і 40 кіламетраў ад сталіцы. Выйграюць тыя, хто знаходзіцца бліжэй да Мінска або да курортнай зоны.

Уладальнік сядзібы «Ганка» таксама падтрымлівае ідэю павысіць падатак, але пры гэтым, на яго думку, трэба дазволіць праводзіць вяселлі ў сядзібах і не ўводзіць абмежаванні па ліку турыстаў. Сам Анатоль ладзіць вяселлі ў нацыянальных традыцыях.

— Цэны дэмакратычныя, я не дзяру. Самы бюджэтны варыянт абыдзецца ў 60 рублёў. Гэта будуць нацыянальныя стравы. Да прыкладу, каўбаскі, піханыя пальцам. Мы ўсё самі робім.

Анатоль кажа, што нешматлікія ўладальнікі аграсядзіб змогуць выканаць патрабаванні, якія выстаўляюць да юрасоб, таму і не рэгіструюць ІП.

— Юрасобам даражэй абыходзяцца газ і электрычнасць. Праверкі санэпідслужбы ні адна сядзіба не вытрымае. У выніку да 2021 года ні адна сядзіба не застанецца, будуць толькі катэджы, якія будуць праводзіць вяселлі і мерапрыемствы, — прагназуе Анатоль Ганец.

Дэпартамент па турызме: «Колькі можна масавага загулу!»

Абмеркаванне праекта прэзідэнцкага ўказа завершаць у канцы гэтага тыдня, удакладніла дырэктар дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Алена Пермінава. Але не выключана, што прапановы будуць прымаць і пазней, «калі гэта будзе актуальна».

Па словах Алены Пермінавай, уладальнікі сядзіб актыўна тэлефануюць і дзякуюць за прапанаваныя новаўвядзенні.

— Хваляць нас, якія мы малайцы, што нарэшце дапамагаем нармальным сядзібам адбіцца ад тых, якія зладзілі страшнае жыццё для ўсяго мясцовага насельніцтва з-за пастаянных карпаратываў, сяброўскіх вячорак, а па выхадных — вяселляў, петард. Асабліва гэта актуальна ў Лагойскім і Мінскім раёнах, — сказала спецыяліст. — Шмат нараканняў, што перашкаджаюць мясцовым жыхарам.

Так, на нядаўняй пашыранай нарадзе ў Міністэрстве спорту і турызму начальнік Галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Курлыка распавёў пра парушальнікаў, якія «пад выглядам сельскага турызму пачалі актыўна і нават агрэсіўна развіваць гасцінічны і рэстаранны бізнэс».

— У апошні час назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя злоўжывання льготнымі нормамі існуючага указа, калі жыхары сталіцы, абласных цэнтраў і буйных гарадоў, Браслаўскага і Нарачанскага раёнаў сталі выкарыстоўваць сядзібы выключна для правядзення вяселляў, карпаратыўных урачыстасцяў, аказання паслуг лазні ці саўны, а таксама харчавання і начлегу. Аграэкатурызм — гэта зусім іншае, — адзначыў Аляксандр Курлыка.

Алена Пермінава ўдакладняе, што «вяселле, згодна з Падатковым кодэксам, — гэта прадпрымальніцкая дзейнасць».

— Рэстаран, у якім могуць правесці вяселле, абавязаны плаціць тое, тое і тое. Сядзіба чаму не павінна? Правядзенне вяселляў у нас раптам аграэкатурызмам стала? — кажа спецыяліст. — Праектам указа мы спрабуем гэтыя няроўныя ўмовы размежаваць. Вяселлі ўсюды мы адносім да прадпрымальніцкай дзейнасці. Нармальны турызм — гэта нармальны турызм, і ён будзе льгатавацца незалежна ад знаходжання суб'ектаў.

Дырэктар дэпартамента удакладніла, што абмежаванні ў прыёме 20 турыстаў не закрануць экскурсійныя групы.

— Турыстаў экскурсійных, якіх мы прывозім на аграсядзібы, у тым ліку дзяцей, мы ні ў якім разе не абмяжоўваем, — сказала Алена Пермінава. — Гэта закране тыя канкрэтна сем'і, якія прыехалі адпачыць, папіць гарэлкі, прабачце за грубасць. Вось гэтых мы абмяжоўваем, таму што колькі можна масавага загулу!

Пры гэтым у дэпартаменце па турызме выступаюць супраць павышэння падатку для ўладальнікаў аграсядзібаў.

— Мы не згодныя павялічваць стаўку падатку. Тых правільных уладальнікаў сядзіб, якія займаюцца аграэкатурызмам, мы ні ў якім разе не ўшчамляем. Яны і далей будуць плаціць 10 даляраў у год, якія яны плацілі да гэтага. А наогул па-добраму яны і гэтыя 10 даляраў не павінны плаціць, проста гэта такі мізэр. Хай працуюць на льготных умовах. А тыя, якія займаюцца канкрэтным прадпрымальніцтвам, тым таварышам, прабачце, трэба афармляць прадпрымальніцтва, — катэгарычна заявіла Алена Пермінава.

Паводле яе слоў, у дэпартаменце гатовыя прыняць любога ахвотнага для абмеркавання праекта ўказа, у тым ліку і ініцыятыўную групу.

— Сардэчна запрашаем, мы заўсёды іх чакаем, запрашаем для грамадскага абмеркавання. хай тэлефануюць мне, і мы іх прымем.

Аб'яднанне «Адпачынак у вёсцы»: чыноўнікі ламаюць чалавечыя лёсы. Гэта антынародны дакумент

Кіраўнік грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова распавяла, што арганізацыя цяпер займаецца падрыхтоўкай калектыўнага ліста ў Міністэрстве спорту і турызму.

— Наша арганізацыя выступае за тое, каб прэзідэнцкі ўказ № 372 застаўся ў такім выглядзе, у якім ён цяпер ёсць. Чыноўнікі ламаюць чалавечыя лёсы. Гэта антынародны дакумент. Калі яго прымуць, то ўсё скончыцца ў адзін момант, больш ніхто не паверыць у абяцанні, — кажа Валерыя Кліцунова. — Уладальнікі сядзіб стварылі сабе працоўныя месцы, яны не ўзялі ні капейкі ў дзяржавы. А стварэнне працоўнага месца каштуе вялізных грошай. Паглядзіце, колькі грошай мы зэканомілі дзяржаве. Па-другое, многія людзі прадалі кватэру, пакінулі ўласнасць у горадзе, кінулі працу, перавезлі дзяцей, яны ўзялі крэдыты. Яны будуюць сядзібы ў надзеі на тое, што слова, якое дало дзяржава, будзе стрыманае.

На яе думку, каб вярнуць крэдыт, сядзібам трэба зарабляць на масавых мерапрыемствах.

— На маме з дзіцем яны не вернуць ніколі грошы. Яны не змогуць аддаць крэдыты. Банкі пачнуць адбіраць дамы, пачнуцца катастрофы ў лёсах людзей. Чаму Мінспорту і турызму лічыць, што мае права ўсё гэта зрабіць? — задаецца пытаннем Кліцунова. — Цяпер час крызісу, людзі ледзь зводзяць канцы з канцамі.

Пры гэтым яна лічыць, што выпадкі ў Лагойскім і Мінскім раёнах адзінкавыя, таму «нельга па іх меркаваць аб усіх уладальніках сядзібаў».

— Гэта адзінкавыя выпадкі на фоне ўсіх 2363 сядзіб, якія адкрытыя ў Беларусі. З імі трэба разбірацца. Нам трэба думаць, што з імі рабіць, а не губіць усю галіну і ламаць лёсы людзей у крызіс, калі яны не ведаюць, як перазімаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?