102 ахвярадаўцы і 8520 рублёў сабраных сродкаў — такі прамежкавы вынік кампаніі па зборы сродкаў на дадатковыя 3D-друкаркі для Парку замкаў Вялікага Княства Літоўскага, якая праходзіла на платформе Talaka.by.

«Мы сабралі 77% ад заяўленай сумы. Гэта вельмі добры вынік. Мы бачым, што не патрапілі міма з ідэяй. Людзям яна цікавая, і яны гатовыя актыўна нас падтрымліваць, прычым не толькі грашыма», — кажа дырэктар фонду «Краіна замкаў» ініцыятар стварэння Парку замкаў ВКЛ Алесь Варыкіш.

Нагадаем, што акрамя фундатараў да праекта падключылася шмат добраахвотнікаў, якія ачысцілі тэрыторыю парку ад камянёў, распрацавалі камп'ютарныя мадэлі замкаў, адліваюць іх з пластыку на сваіх друкарках.

Ільвіная доля сабраных у рамках кампаніі сродкаў ужо выдаткаваная на набыццё 3D-друкаркі расійскай вытворчасці. Астатнія сродкі плануецца ўкласці ў набыццё другой друкаркі беларускай вытворчасці. «Так здарылася, што наш праект падагнаў айчынных вытворцаў. У дадзены момант яны працуюць над стварэннем сваёй друкаркі. Калі мадэль будзе гатовая, яны абяцаюць даць нам сур'ёзную зніжку. Прынтар будзе нашмат больш прадукцыйным і больш магутным, чым тыя, што мы маем», — адзначыў кіраўнік фонду «Краіна замкаў».

Па словах Алеся Варыкіша, першапачаткова з набытай друкаркай узніклі сур'ёзныя цяжкасці. З-за няспраўнасцяў у брак было адпраўлена шмат дэталяў. Гэта істотна затармазіла працэс вырабу мадэляў замкаў і храмаў. На шчасце, праблемы ўжо ліквідаваны, і цяпер прынтар друкуе элементы мадэляў практычна кругласутачна. У дадзены момант з пластыку адліваюцца макеты вежы Гедыміна ў Вільні, касцёл абарончага тыпу ў Асташыне, дом-крэпасць у Гайцюнішках. Усяго да канца года плануецца адліць 10 макетаў.

Фонд працягвае кампанію па зборы сродкаў. Па словах Алеся Варыкіша, да гэтага часу праца вялася сярод фізічных асоб, цяпер жа плануецца зрабіць упор на прыцягненне спонсараў сярод камерцыйных і грамадскіх арганізацый. «Мы пачалі такую працу, і з некаторымі арганізацыямі ўжо вядуцца перамовы і дасягнуты папярэднія дамоўленасці аб супрацоўніцтве», — сказаў Алесь Варыкіш.

Ён нагадвае, што фундатараў чакаюць абяцаныя падарункі. Зніжкамі на экскурсіі фонду «Краіна замкаў» можна скарыстацца ўжо зараз. А бясплатнае наведванне парку будзе актуальна ў канцы наступнай вясны, калі на тэрыторыі з'явіцца да 20 мініяцюр. Тыя, хто ахвяраваў 100 рублёў і больш, апроч іншага, атрымаюць у падарунак невялікі макет аднаго з замкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0