АДКБ не трэба чакаць прызнання з боку НАТА, заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння ў сваім выступленні на сесіі Савета калектыўнай бяспекі ў Ерэване.

«Мы ўсе канстатавалі, што АДКБ ніхто не хоча прызнаваць, асабліва НАТА (ці бачыце, арганізацыя не тая). Я слухаў гэтыя размовы і думаў: калі мы будзем іх прасіць, каб яны нас прызналі, яны ніколі нас не прызнаюць. Нам трэба зрабіць такім чынам, каб прымусіць іх прызнаць нашу арганізацыю», — сказаў ён

Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе працяглых перагавораў лідараў дзяржаў АДКБ у вузкім складзе бакі абмеркавалі шырокі комплекс тэм і правялі прынцыповы аналіз праблемных пытанняў у свеце. «Прытым па перыметры ўсіх граніц — і на заходнім напрамку, і ў Цэнтральнай Азіі, у раёне Афганістана. Абмеркавалі канфлікты і нявырашаныя праблемы, — адзначыў беларускі лідар. — Шчыра прызнаюся, што тыя падрыхтаваныя матэрыялы па прыярытэтах нашага старшынства крыху не цягнуць на той узровень абмеркавання, на які мы выйшлі ў вузкім коле».

Паводле яго слоў, бакі дамовіліся, што пры ўдзеле генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы будзе вызначана група ваенных і спецыялістаў у іншых галінах. «Прыцягнем да гэтага спецыялістаў перш за ўсё з Расійскай Федэрацыі і іншых дзяржаў. І трэба сфармуляваць добрыя прыярытэты, каб наша арганізацыя выйшла на даволі сур'ёзны ўзровень. Каб яе не баяліся, але паважалі, і мы нікога не ўгаворвалі, каб нас прызнавалі», — адзначыў Лукашэнка.

Прыярытэты маючага адбыцца беларускага старшынства ў АДКБ будуць грунтоўна прапрацаваны і даведзены да кіраўнікоў у краінах арганізацыі, дадаў беларускі лідар. «Лічу, мы штосьці добрае можам прапанаваць нашай арганізацыі ў плане адзінства і павагі з боку контрпартнёраў», — рэзюмаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?