Сёння на мерапрыемстве БРСМ «Аднаўляем святыні — ствараем будучыню», патрыяршы экзарх Беларусі Павел у адказе на пытанне «Нашай Нівы» расказаў, калі ён прыме беларускае грамадзянства. 

Перад гэтым варта адзначыць, што зусім нядаўна — на мінулым паседжанні Палаты прадстаўнікоў — ён казаў, што беларускага пашпарта атрымліваць не будзе. 

«Ёсць заканадаўства, і скокнуць праз плот нельга, парушыць закон нельга, — сказаў ён журналісту «Нашай Нівы». — Будзе час… Вы ведаеце, што ёсць пэўны перыяд, які трэба пражыць. Я пражыў тут амаль тры гады, гэта дастатковы час, каб прайсці першы этап. Сёння мы афармляем дакументы на наступны этап. Вось, від на жыхарства ў мяне ёсць, цяпер афармляецца на больш працяглы тэрмін. Потым будзем ставіць пытанне пра грамадзянства. Усяму свой час. Мяне ў гэтым плане супакойваюць словы Аляксандра Рыгоравіча, які кажа «уладыка, не спяшайцеся, прыйдзе час — усё будзе. Расія і Беларусь — дзве саюзныя дзяржавы, таму ніякіх праблем у вас не будзе. Жывіце, будзем жыць і працаваць — паглядзіце, калі сапраўды будзем працаваць, прыносіць карысць, усё прыйдзе з часам».

«Закон парушаць нельга», — двойчы падкрэсліў мітрапаліт.

Нагадаем, што беларускі закон «Аб свабодзе сумлення ў рэлігійных арганізацыях» абавязвае Паўла мець беларускае грамадзянства, але ён яго яшчэ не атрымаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?