«Цяпер у сувязі са справай Эдуарда Пальчыса вельмі папулярныя каментары ў духу — чалавек арыштаваны, таму трэба давесці справу да суда. Інакш, маўляў, улады не ўмеюць і не могуць. Інэрцыя улады і г.д.», — піша ў сваім фэйсбуку журналіст Анджэй Пачобут.

«Далікатна кажучы — не згодны.

Мая другая крымінальная справа была спыненая, а там, калі памятаеце, пытанне датычылася гонару і годнасці Лукашэнкі. Ды і яшчэ можна прывесці шэраг прыкладаў калі, нават пасля арышту і змяшчэння ў СІЗА, справа не даходзіла да суда.

Або ўспомніце, колькі разоў Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што без прашэння аб памілаванні Мікола Статкевіч будзе сядзець да канца тэрміну… А потым, калі прыціснула, Аляксандр Рыгоравіч хутка забыўся свае грозныя абяцанні і памілаваў апазіцыянера, нягледзячы на адсутнасць просьбы пра гэта…

Хараство аўтарытарызму ў тым, што крымінальныя справы як распачынаюцца па палітычных прычынах, так жа па палітычных прычынах і закрываюцца.

Галоўнае — палітычная воля.

Праблема справы Пальчыса у тым, што ўлада не хоча спыняць яго пераслед і вырашыла давесці гэтую справу да лагічнага канца. Гэта значыць, да абвінаваўчага прысуду.

Прычыны? На мой погляд іх некалькі. Першае — узровень страху ў грамадстве трэба падтрымліваць. Без гэтага беларускі аўтарытарызм ва ўмовах нарастальнага эканамічнага крызісу проста рассыплецца. Інтэрнэт-пісакі павінны разумець, што «крок управа — крок улева» і будзе «Таганка, усе ночы поўныя агню…»

Другое — ментальна беларуская ўлада на баку Расіі. Так, палітычная сітуацыя змушае Лукашэнку віляць, паміргваць Захаду, падтрымліваць пэўны ўзровень адносін з Украінай і г.д. Але Пальчыс і ўсе, хто, без спецдазволу з вышэй, паўтарае пра расійскую пагрозу, для ўлады вораг. Любіць ці не любіць Расію, Захад, ісламістаў, бежанцаў і г.д. а таксама ступень і формы гэтай нелюбові ў нас вызначае Аляксандр Рыгоравіч. І самадзейнасці і няўзгодненай ініцыятыўнасці ён не трывае. Навошта, каб нехта без дазволу напампоўваў палітычныя мускулы? Калі лічыш, што ты «не стварэнне дрыжачае, а права маеш» то ты вораг, які разгойдвае лодку «беларускай стабільнасці».

А такіх ворагаў аўтарытарызм цісне…

Вось, у прынцыпе, і ўсё.

Акрамя таго, са справы Пальчыса атрымліваецца ўраўнаважваючы розныя знешнепалітычныя ініцыятывы Мінска сігнал.

— Уладзімір Уладзіміравіч, глядзіце як мы змагаемся з русафобіяй! Нягледзячы на ўсе крыкі, прыціснулі галоўнага антырасійскага блогера да пазногця!

Спадзяюся, што ў нетрах Адміністрацыі прэзідэнта ўжо вырашылі, што гэты сігнал атрымаўся досыць моцным, і Эдуарда Пальчыса можна будзе вызваліць у зале суда і абмежавацца адбытым тэрмінам…

PS Цікава параўнаць, як падобную сітуацыю разрульвае «не проста сябар, але і настаўнік» Аляксандра Лукашэнкі — Нурсултан Назарбаеў. Дык вось у Казахстане з гэтым строга. Калі садзяць кагосьці з нацыянал-патрыётаў, то наступным пасадзяць каго-небудзь з прарасийскіх актывістаў. Бо казахскі аўтарытарызм — ён рэальна шматвектарны. У РБ з пачатку ўкраінскага канфлікту садзяць выключна тых, хто альбо паваяваў на баку Украіны, альбо, як Пальчыс, актыўна яе падтрымліваў у Інтэрнэце. Тых, хто ваяваў на баку ДНР-ЛНР, падобна, улада лічыць сацыяльна блізкімі, не кажучы ўжо пра прарасійскіх актывістаў у інтэрнэце…

Карацей, вось такая яна асаблівая, «беларуская шматвектарнасць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?