Калі б у Беларусі існавала намінацыя «Фальш года», то кніга «Асцярожна, Марцаў», імаверна, прэтэндавала б на прызавое месца.

Пётр Марцаў

Я меў гонар больш за 20 гадоў падтрымліваць добрыя адносіны з Пятром Паўлавічам, які заўчасна пайшоў ад нас. На маю думку, персанаж, выведзены ў згаданай кнізе, — гэта пашлаватая пародыя на рэальнага Марцава.

Крыўдна і за «Беларускую дзелавую газету», якая выстаўленая нейкім зборышчам шалаў. Не было ніякай «брыгады сцерваў», якая нібыта здабывае эксклюзіўную інфармацыю праз ложак. Журналісцкія расследаванні, якімі славілася «БДГ», рабілі добра мне знаёмыя хлопцы.

Не было ніякай стральбы пры расставанні Пятра з першай жонкай. Зрэшты, я не збіраюся пералічваць усе падзеі, якія не адбываліся ў рэчаіснасці. Мухлёж заключаецца ў тым, што выдуманыя эпізоды змяшаныя з рэальнымі ў адным флаконе, і ў чытача можа скласціся ўражанне: раз у кнізе ёсць шэраг праўдзівых гісторый, то і ўся яна заслугоўвае даверу.

На жаль, гэта не так. У адрозненне ад Сашы Раманавай, я назіраў гісторыю «БДГ» знутры — прычым з моманту, калі ідэя стварыць газету яшчэ толькі абмяркоўвалася. І таму магу парэкамендаваць тым, хто цікавіцца, адно: не вядзіцеся на танныя маніпуляцыі.

Адной з іх, дарэчы, з'яўляецца спроба пад выглядам «мемуараў» Марцава ўцюхаць чытачам прадукт зусім іншага роду. Сама Раманава у інтэрв'ю «Нашай Ніве» сказала пра кнігу: «Гэта ў пэўнай ступені спалучэнне літаратурнай выдумкі і праўды, але ж тым кніга і цікавая, гэта пераводзіць яе ў катэгорыю легендаў».

Не выключаю, што часткова кніга заснаваная на тым, што сапраўды казаў Пётр (іншая справа, пры якіх абставінах рабіліся аўдыёзапісы). Аднак, па-першае, ён хацеў напісаць фантастычны раман, але ніяк не ўласныя мемуары. А па-другое…

Пётр быў далёка не святым, але валодаў унікальным пачуццём стылю і абаяннем. Дзякуючы гэтым якасцям ён нават у вельмі неадназначных сітуацыях мог эфектна прайсці па краі, не зваліўшыся ў прорву вульгарнасці.

Але перадаць гэта на паперы надзвычай складана. У выпадку з кнігай атрымалася прыкладна як у старым анекдоце:

Гутараць два грузіны.

- Слухай, чаго усе захапляюцца гэтым Каруза? Ён жа картавіць, фальшывіць, спявае жудасна наогул!

— А дзе ж ты яго чуў?

— Ды мне Гогі ўчора праспяваў па тэлефоне.

Так і «Асцярожна, Марцаў» — гэта не Марцаў, а няўдалая спроба імітаваць Марцава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?