Прынамсі 19 чалавек загінулі ў выніку цісканіны, якая адбылася перад пачаткам індуісцкай цырымоніі ў індыйскім горадзе Варанасі.

Паводле дадзеных паліцыі, у выніку інцыдэнта яшчэ 25 чалавек атрымалі розныя траўмы.

Цісканіна адбылася на мосце, які вядзе да месца правядзення цырымоніі. Як растлумачылі ў паліцыі, арганізатары заявілі, што ўдзельнікаў цырымоніі будзе каля 3 тысяч чалавек, аднак да пачатку правядзення мерапрыемства сабраліся каля 70 тысяч паломнікаў — паслядоўнікаў індуісцкага гуру Джая Гурудзевы.

«Мы былі не гатовыя да таго, каб [забяспечыць парадак] пры такім наплыве людзей», — сказаў агенцтву Асашыэйтэд прэс прадстаўнік арганізатараў мерапрыемства Радж Бахадур.

Паліцыя пакуль не паведамляе, што менавіта справакавала цісканіну ў натоўпе паломнікаў. Паводле дадзеных індыйскіх СМІ, цісканіна адбылася, калі паліцыя паспрабавала развярнуць людзей, каб разгрузіць мост. У гэты час, паводле дадзеных індыйскіх інфармацыйных агенцтваў, у натоўпе нехта сказаў, што мост бурыцца, пасля чаго пачалася паніка.

Няшчасныя выпадкі падчас правядзення масавых рэлігійных цырымоній ў Індыі нярэдкія. Так, у кастрычніку 2013 года ў штаце Мадх'я-Прадэш ахвярамі цісканіны сталі больш за 110 чалавек, большасць з іх — жанчыны і дзеці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?