Апісваць Стакгольм і яго архітэктуру няма ніякага сэнсу, паколькі сувэнірныя паштоўкі з выявамі шматлікіх кірхаў з высачэзнымі шпілямі, замкаў, каралеўскага палацу і Рыксдагу (швэдзкага парлямэнту), прыстанямі з сотнямі караблёў рознага водазьмяшчэньня й клясы, стракатымі сьцягамі пад сінім небам адлюстроўваюць горад менавіта такім, які ён ёсьць. І веснавое неба ў гэтым паўночным і, можна сказаць, суворым гранітным горадзе сапраўды можа быць сінім і бясхмарным. І ўсе рэстарацыі, кавярні, пабы і забягалаўкі абавязкова вынесуць свае столікі з крэсламі на вуліцы, дзе людзі ўсіх узростаў у куртках, швэдрах ці кашулях і нават у майках будуць радавацца вясноваму сонейку і любавацца відамі на гавань і расквітнелыя японскія вішні.

Праўда, адзіны напой, які могуць дазволіць сабе за тымі столікамі хоць бедныя, хоць багатыя швэды, — гэта слабаалькагольнае піва. Удзень і ў рабочай сталоўцы, і ў рэстарацыі вам пададуць піва не мацней за 2%. Адмысловыя алькагольныя крамы (іх тут усяго некалькі на 800‑тысячны горад) працуюць у будні з 14‑й гадзіны да 17‑й, а ў выходныя ўвогуле не працуюць.

Каб дабрацца да алькаголю, трэба ўвайсьці ў краму, паглядзець на зачыненыя вітрыны з бутэлькамі, дзе ўказаныя нумар таго або іншага напою і ягоны кошт, адарваць у адмысловым апараце цэтлік з нумарам (як у банку), дачакацца, пакуль гэты нумар зьявіццца на электронным табло разам з нумарам касы, і потым падысьці да касіра. Які спрытна цябе абслужыць. Абмежаваньняў на колькасьць алькаголю няма. Касавая заля заўсёды амаль пустая і зьзяе шпітальнай чысьцінёй.

На ўваходзе ў прадуктовую краму давялося прачытаць надпіс на некалькіх мовах, у тым ліку на расейскай: «Касір ня мае ключоў ад сэйфу!» Гэта значыць, што рабаваць касу няма сэнсу — ускрыць яе ўсё адно ня ўдасца. Дарэчы, пра касавыя апараты: нідзе і ніколі прадавец ня дасьць вам дробныя грошы з рук у рукі. Манэты высыпаюцца ў адмысловы латок, адкуль ты іх мусіш сам забраць, да чаго цяжка прызвычаіцца. Тлумачыцца гэта ня толькі гігіенічнымі мэтамі, але, найперш, меркаваньнямі бясьпекі.

Акрамя акуратнасьці і трапяткога стаўленьня да аховы здароўя ды экалёгіі, у швэдаў апошнім часам разьвіўся яшчэ адзін культ — бясьпекі. Ні ў якую ўстанову тут ня трапіш, не прайшоўшы кантроль у рэцэпцыі. І ня толькі ў свой нумар у гатэлі не падымешся ў ліфце на свой паверх без электроннай карткі. Гэта каб выпадковыя людзі не бадзяліся туды‑сюды. Апасеньне тэрактаў у краіне, дзе былі забітыя прэм’ер‑міністар Улаф Пальмэ і зусім нядаўна — міністар замежных справаў Анэ Лінд, зразумець можна. Але пэўную нязручнасьць пры гэтым адчуваеш.

Падчас сустрэчы, якая праходзіла ў будынку ABF (гэта, можна сказаць, швэдзкі Палац прафсаюзаў), мы з калегам узьняліся на пяты паверх на ліфце, а ў часе перапынку вырашылі сысьці ўніз па запасной лесьвіцы. Зь лёгкасьцю адчынілі замок, але толькі потым зразумелі, што трапілі ў пастку. Усе дзьверы замкнёныя звонку, знутры ў іх няма нават ручак! Добра, што дзьверы шкляныя, і празь іх нас можна было бачыць, як малпаў у заапарку. Мы стукаліся ў дзьверы на ўсіх паверхах, спрабуючы зьвярнуць на сябе ўвагу і паступова ўпадаючы ў ціхую паніку. Толькі ў самым нізе, дзякаваць Богу, нейкая жанчына літасьціва вызваліла нас з «палону». Пажылыя швэды, якія ў той момант сабраліся на нейкую сваю канфэрэнцыю, пазіралі на нас, людзей, што зьнянацку выскачылі чамусьці з пажарнай лесьвіцы, са шчырай цікаўнасьцю.

Намётавы лягер на Свэавагэн

З новага, што давялося бачыць у Стакгольме, але што ў той жа час нагадала і добра забытае старое — афраэўрапеец на ровары (ровар па‑ранейшаму адзін з найбольш папулярных відаў транспарту ў Швэцыі). Ён, эўрапеец, зьбіраў… пустыя бляшанкі з‑пад колы. Занятак не такі пусты, як падаецца, бо тут іх можна здаць у краме ў аўтамат і атрымаць грошы. (Закладная цана адразу ўлучаная ў кошт бляшанкі з напоем, якую ты купляеш.) Мяркуючы па памерах агромністых сетак з бляшанкамі, улоў таго афраэўрапейца быў багаты.

І яшчэ пра знаёмыя дэталі. Каля алькагольнай крамы бачыў пэрсанажа, больш звыклага для родных мясьцінаў. Гэта быў чалавек няпэўных гадоў з раскудлачанай фрызурай, распухлым і падрапаным у многіх месцах тварам, фінгалам пад вокам і чырвоным носам, у нейкіх заношаных швэдры і штанах. Ён, праўда, паводзіўся прыстойна. Купіў сабе ня скрынку піва з нармальным утрыманьнем алькаголю і моўчкі пайшоў.

Убачыць на вуліцы чалавека з распачатай бутэлькай сьпіртовага напою, у тым ліку піва, немагчыма — такое тут караецца страшэннымі штрафамі. Людзей з цыгарэтамі, праўда, яшчэ можна сустрэць. І менавіта толькі на вуліцы. Бо ва ўсіх без выключэньня ўстановах, у тым ліку ў рэстарацыях, курэньне катэгарычна забароненае. А вось паліцыянтаў на вуліцах бачыць не давялося. Затое шмат ахоўнікаў аўтамабільных парковак у форме хакі, якія штрафуюць парушальнікаў. Пешаходы, якія крочаць на чырвонае сьвятло сьвятлафораў, нікога асабліва не цікавяць. Калі ты патрапіў пад машыну, і ў цябе няма страхоўкі — гэта выключна твая праблема.

Швэды, дарэчы, любяць пагуляць. Асабліва ў пятніцы, калі выдаюць зарплату. У гэты дзень вуліцы і прыстані Стакгольму, і без таго зусім не бязьлюдныя, проста перапоўненыя людзьмі, якія выпраўляюцца на адпачынак. Немалая частка ідзе ў рэстарацыі. У іранскім рэстаране «Малая Пэрсія», куды нас запрасілі, проста адбою не было ўвечары ад ахвотных патрапіць туды… швэдаў. Хаця ўладальнік рэстарацыі, ён жа кухар, ён жа афіцыянт — іранец. Ды і многія заўсёднікі таксама. Такіх рэстарацыяў у Стакгольме нямала, бо толькі паводле афіцыйных зьвестак у васьмісоттысячным горадзе жывуць 70 тысяч іранцаў. (А ўсяго імігранты складаюць 17% насельніцтва 8‑мільённай Швэцыі). У «Малой Пэрсіі» многіх прыцягвае, відаць, ня толькі экзатычная і пры гэтым адносна танная кухня, але прыемная атмасфэра — даволі інтымная і расслабленая. Калі б іранскія аятолы пабачылі, у якіх строях прыходзяць сюды юныя паненкі, каб разам з кавалерамі папіць піва, у іх здарыўся б, напэўна, інфаркт. Вось адзін з модных строяў, які давялося бачыць на маладой жанчыне. Кароткая кашуля мужчынскага крою, яшчэ больш кароткая куртачка і калготкі. І ўсё.

А вось яшчэ карцінка, якая не магла ня ўразіць беларускіх журналістаў: намёты на самай папулярнай, бадай, вуліцы ў цэнтры Стакгольму Свэавагэн. Першая думка — пратэст! Але супраць чаго? Выявілася, што гэта юныя фанаты папулярнай кампутарнай гульні (назву сьвядома апускаю) дзяжураць у намётах, каб трымаць чаргу і першымі стаць уладальнікамі новай вэрсіі, як толькі яна паступіць у продаж…

Жоўта‑сіняя сюіта

Швэдзкая акадэмія навук зблізку выглядае ня надта імпазантна і нават, можна сказаць, сьціпла. Побач зь ёй — кавярня зь лібэртарыянскім сьцяжком (колеру вясёлкі) над уваходам. Гэта значыць, сюды могуць заходзіць геі і лесьбіянкі. Крыху далей стаіць каляровая будка, падараваная некалі ў XVIII стагодзьдзі каралём Прусіі каралю Швэцыі. Гэта мелася быць будка для вартаўніка. Але мясцовыя жыхары пачалі выкарыстоўваць яе ў якасьці прыбіральні. Для гэтых мэтаў яна служыць і ў нашыя дні.

У дворыку побач з акадэміяй — яшчэ адна «малая архітэктурная форма». Гэтая скульптура, якую празвалі «Лысым чалавечкам», карыстаецца папулярнасьцю, бо ёсьць павер’е — калі дакрануцца да ягонай галавы і загадаць жаданьне, яно абавязкова спраўдзіцца. Расейскія турысты, як звычайна, дадумаліся кідаць да чалавечка манэты…

Усё гэта стварае нейкую несур’ёзную атмасфэру ў ваколіцах Акадэміі навук. Але ж няма, бадай, установы — дакладней, рашэньня чальцоў якой з такім хваляваньнем чакаюць тысячы, ды што там тысячы, часам і мільёны людзей ва ўсім сьвеце. Прынамсі, раз на год — перад тым, як прысуджаюцца чарговыя нобэлеўскія прэміі.

У філярманічным тэатры, дзе іх уручае ляўрэатам кароль Швэцыі, патрапіла слухаць сымфанічную музыку ў выкананьні каралеўскага сымфанічнага аркестру. Сам будынак, а таксама інтэр’ер выглядаюць сьціпла і строга. Стыль мадэрн ў Швэцыі адрозьніваўся ад мадэрну ў іншых эўрапейскіх краінах куды большай стрыманасьцю. Характар нардычны, так бы мовіць. Але гэта азначае, насамрэч, прысутнасьць і высокай долі рамантызму.

Не гуртом «Абба» адзіным ганарыцца Швэцыя. Жыве ў ёй такі кампазытар — Андэрс Нільсан, піша клясычную музыку для сымфанічнага аркестру. І карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Не сказаць, каб заля тэатру, дзе адбывалася прэм’ера новай сюіты кампазытара, была перапоўненая. Яна была запоўненая на тры чвэрці. Але ж авацыі, якімі віталі і Андэрса Нільсана, і дырыжора, і аркестар, былі сапраўдныя. Было шмат букетаў, і ўсе — выключна з жоўтых і сініх кветак, пад колер нацыянальнага сьцяга.

Сюіта «Сара Леандэр» прысьвечаная швэдз¬кай акторцы й сьпявачцы, вельмі папулярнай у 20—30‑я мінулага стагодзьдзя. Дагэтуль яе асобу неадназначна ўспрымаюць суайчыньнікі. Сара Леандэр некаторы час жыла і выступала ў кабарэ ў Рызе (на пачатку 1920‑х), а потым у Нямеччыне. У 1930‑я яна здымалася ў фільмах Бэрлінскай кінастудыі, якой апекаваўся Гёбэльс. Таксама некаторыя песенькі ў выкананьні Леандр выкарыстоўваліся нацысцкай прапагандай. Пры канцы вайны, калі саюзьнікі разбамбілі яе вілу ў прымесьці Бэрліну, Сара вярнулася ў Швэцыю разам з двума дзецьмі ад мужа, зь якім яна разьвялася. Швэды, многія зь якіх падчас вайны адкрыта сымпатызавалі Гітлеру, на той момант перамянілі меркаваньне. Яны пачалі ганіць «нацысцкую паслугачку». Да канца жыцьця і пасьля сьмерці (акторка памёрла ў 1981‑м годзе) швэдзкае грамадзтва не аднойчы вярталася да дыскусіі — кім лічыць Сару Леандэр: калябаранткай ці проста акторкай, якая не разьбіралася ў палітыцы?

Мяркуючы па цудоўнай сюіце Нільсана, яна была, найперш, надзвычай прыгожай жанчынай.

Відавочцы альбо сьведкі?

Дзіўным чынам гэтую сюіту давялося пачуць наступным днём пасьля наведваньня самага незвычайнага музэю, які дагэтуль даводзілася наведваць мне і маім калегам — музэю жывой гісторыі. («Форум жывой гісторыі»). І самае дзіўнае палягае на тым, што гісторыя Сары Леандэр магла б стаць часткаю яго экспазыцыі альбо прадметам дыскусіі на форуме www.levandehistoria.se

Праект узьнік пад эгідай швэдзкага ўраду некалькі гадоў таму. У краіне тады было праведзенае апытаньне на тэму: што школьнікі ведаюць пра Галакост? Выявілася, што 70% ніколі ня чулі пра яго. А траціна выказала сумнеў у існаваньні канцлягераў. Між тым, у Швэцыі нашых дзён зьявіліся злачынствы на тле ідэалёгіі — забойствы імігрантаў, гомасэксуалістаў, прадстаўнікоў іншых мяншыняў. Швэцыя займае першае месца ў сьвеце ў экспарце запісаў фашысцскай музыкі (ад гітлераўскіх маршаў да сучасных твораў).

Таму ў арганізатараў праекту зьявілася жаданьне ня проста дасьледаваць нядаўняе мінулае, у тым ліку зьвязанае з супярэчлівай роляй Швэцыі ў другой сусьветнай вайне, а зрабіць яго прадметам жывой дыскусіі ў грамадзтве. Мала хто ведае, напрыклад, што менавіта Швэцыя стварыла першы ў сьвеце інстытут расавай ідэалёгіі ў 1922‑м, што ўлучна да 1953‑га тут ужывалася прымусовая стэрылізацыя, у тым ліку, з расавых меркаваньняў.

Першай працай «Форуму жывой гісторыі» стала кніга «Галакост у Эўропе. 1933—1945». Другая кніга, якая выйшла зусім нядаўна, прысьвечаная камуністычным рэпрэсіям у СССР, Кітаі і Кампучыі ў пэрыяд з 1917‑га па 1989‑ы. Але найбольшае ўражаньне пакідае сам музэй, заснаваны на жывым кантакце з гледачамі. Ён зусім сьціплы паводле памеру, але справа тут ня ў колькасьці экспанатаў, якіх таксама мінімум. Як сказаў адзін з арганізатараў праекту, «сучаснасьць без гісторыі мёртвая».

Вось частка экспазыцыі, якую стваральнікі назвалі: «Відавочцы альбо сьведкі?» Перад намі макет нацысцкага лягеру сьмерці ў Маўт¬гаўзэне. Побач стэнд зь вялікім, у натуральную велічыню, здымкам людзей з фотаапаратамі — відавочна, турыстаў. У фатастэндзе выразаная ніша, у якую можа стаць кожны з наведнікаў. Такі атракцыён ёсьць у любым месцы адпачынку. А над макетам канцлягеру — цытата зь ліста пажылой немкі тагачасным уладам Райху. У сваім лісьце, напісаным ў вельмі асьцярожных выразах, кабета скардзіцца на тое, што, паколькі яна жыве побач зь месцам зьняволеньня ў Маўтгаўзэне, да яе вушэй часта даносяцца крыкі людзей, якіх расстрэльваюць. Часам, піша яна, гэтых людзей не забіваюць зь першага разу, тады іх дабіваюць, і яны паміраюць у пакутах. У лісьце няма яўных ацэнак дзеяньняў эсэсаўцаў, якія расстрэльвалі. І таму незразумела — ці жанчына скардзіцца на тое, што крыкі ахвяраў не даюць ёй спаць, ці яна спрабуе ў такой форме заступіцца за пакутнікаў.

Арганізатары праекту ва ўсіх выпадках імкнуцца, каб гледачы (а гэта, у першую чаргу, школьнікі) задумваліся і над роляй «нэўтральных сьведкаў», якія ня ўдзельнічалі ў злачынствах, але не спрабавалі іх спыніць. Колькі такіх нэўтральных сьведкаў жыве вакол нас? Хіба самі мы не належым да іх? Але ў кожным выпадку, хочам мы таго або не, нашыя дзеяньні будуць ацэньваць нашыя нашчадкі.

Швэды гэта зразумелі раней за іншых.

Віталь Тарас, Стакгольм—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0