Уладзімір Макей не лічыць, што Аляксандр Лукашэнка бачыць малодшага сына Мікалая ў якасці свайго пераемніка. Пра гэта кіраўнік МЗС Беларусі заявіў у інтэрв'ю газеце «Рэчпаспаліта», стэнаграма якога была апублікавана прэс-службай замежнапалітычнага ведамства.
Reuters.com
Міністр адзначыў, што Мікалай Лукашэнка — звычайны вучань. «Вучыцца ў звычайнай, можна сказаць, сельскай школе», — паведаміў Макей. Ён таксама адзначыў, што не часта перасякаецца з малодшым сынам прэзідэнта на нейкіх мерапрыемствах.
Польскія журналісты на гэта адзначылі, што «не кожнае дзіця сустракаецца з Папам Рымскім, сустракаецца з прэзідэнтам Абамам», і выказалі здагадку, што ў Мікалая Лукашэнкі «ёсць адмысловая функцыя».
У адказ на гэта Уладзімір Макей запэўніў журналістаў, што ведае стаўленне прэзідэнта Беларусі да таго, чым павінны займацца яго дзеці і не збіраецца каментаваць гэтую сітуацыю.
«Ён не жадаў бы сваім дзецям той долі, таго лёсу, што як бы выпаў на яго. Кіраўнік Беларусі часта ездзіць з Колем мусіць таму, што так яго любіць, што не можа доўга без яго знаходзіцца. Таму я тут абсалютна не думаю, што прэзідэнт такім чынам рыхтуе сабе пераемніка. Паўтаруся, на гэты конт ён ужо дастаткова шмат разоў выказваўся», — адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі.