Урад пастановай ад 15 кастрычніка 2016 г. № 826 пашырыў пералік дадатковых платных паслуг, што аказваюцца органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, паведаміла прэс-служба Саўміна.
Названыя платныя паслугі аказваюцца аддзеламі запісу актаў грамадзянскага стану раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, дамамі (палацамі) грамадзянскіх абрадаў гарадскiх выканаўчых камітэтаў, пасялковымі і сельскімі выканаўчымі і распарадчымі органамі, консульскімі ўстановамі, а таксама дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Беларусі ў выпадку выканання імі консульскіх функцый.
Пастанова дэталізуе парадак аказання паслуг рэгістрацыі заключэння шлюбу або рэгістрацыі нараджэння ва ўрачыстай абстаноўцы.
Рэгістрацыю шлюбу можна правесці па індывідуальным сцэнарыі з выкарыстаннем розных элементаў і атрыбутаў па-за памяшканнем загса. Месцам цырымоніі могуць быць памяшканні ўстаноў культуры, памяшканні, размешчаныя ў гістарычных і памятных месцах, тэрыторыя аб'ектаў, якія з'яўляюцца помнікамі гісторыі ці архітэктуры, архітэктурныя ансамблі, бальніцы, уласнае месца пражывання і інш.
Дадаткова замацаваная магчымасць загсаў праводзіць цырымоніі, прысвечаныя памятным датам шлюбнага жыцця (срэбнае, залатое вяселле і інш.).
Мясцовым саветам дэпутатаў рэкамендавана пры неабходнасці накіроўваць грошы, атрыманыя ад аказання дадатковых платных паслуг органамі загса, на ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Пастанова набывае моц 1 студзеня 2017 года.