Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ, якім падоўжыў санкцыі ў дачыненні да расіян і расійскіх кампаній і ў той жа час пашырыў спіс асоб, якія падпадаюць пад санкцыі.

Пра гэта гаворыцца ва ўказе, падпісаным прэзідэнтам у панядзелак.

Указам уводзіцца ў дзеянне рашэнне РНБА ад 16 верасня 2016 года «Аб прымяненні персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер (санкцый)»

У сваім рашэнні РНБА падтрымала прапанову аб падаўжэнні і прымяненні санкцый, унесеных Кабмінам, СБУ і НБУ.

У рашэнне РНБА таксама ўключаныя спісы юрыдычных і фізічных асоб, да якіх прымяняюцца санкцыі тэрмінам на адзін год.

У прэс-службе РНБА паведамілі, што 16 верасня спіс асоб, якія трапілі пад санкцыі, быў пашыраны.

«Дадаткова ў санкцыйны спіс уключаныя 335 фізічных і 167 юрыдычных асоб, ідэнтыфікацыйныя дадзеныя па якіх падлягалі дадатковай праверцы», — сказана ў паведамленні.

Ніякіх змен адносна пераліку фізічных і юрыдычных асоб, які быў прыняты на пасяджэнні РНБА 16 верасня 2016, не ўносілася.

Паведамляецца, што дадаткова Парашэнка даручыў падрыхтаваць асобнае рашэнне па санкцыях у дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да правядзення так званых «выбараў у Дзяржаўную Думу РФ» на тэрыторыі анексаванага паўвострава Крым. Гэта тычыцца як «дэпутатаў», так і членаў «выбарчых камісій».

У РНБА абяцаюць рашэнні па гэтым пераліку асоб апублікаваць у бліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?