Ад верасня 2016 года ў гісторыі Узбекістана пачалася новая эпоха. Памёр дыктатар Іслам Карымаў, які кіраваў краінай з 1989 года — спачатку як першы сакратар ЦК кампартыі, а пасля як прэзідэнт.

Узбекі працягваюць развітвацца з Ісламам Карымавым. Труна, закрытая кветкамі, стаіць зверху, да яе цягнецца ручай людзей.

Узбекі працягваюць развітвацца з Ісламам Карымавым. Труна, закрытая кветкамі, стаіць зверху, да яе цягнецца ручай людзей.

Выбары прызначаныя на пачатак снежня. Няма сумневаў, што найвышэйшую пасаду зойме Шаўкат Мірзіяеў, цяперашні выканаўца абавязкаў прэзідэнта. Палітолагі спрабуюць пачуць ноткі пераменаў, кажуць пра касметычную лібералізацыю, аднак не больш за тое.

Узбекістан, як і Беларусь, шукае свой «унікальны эканамічны шлях». Краіна трымаецца нейтралітэту, спрабуючы балансаваць паміж Кітаем, Расіяй і ЗША.

Чацвёртае месца ў свеце па запасах золата, сёмае — па запасах урану, чатырнаццатае — па запасах газу… Маючы такія прыродныя рэсурсы, Карымаў мог бы пабудаваць рай на зямлі! Але неэфектыўнае кіраванне «моцнага лідара» і карупцыя «крэпкіх гаспадарнікаў» прывялі краіну да сумнеўных вынікаў. 133-е месца ў свеце па ВУП на душу насельніцтва — гэта ўзровень жабрацкай, разарванай вайной, безрэсурснай Малдовы.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» накіраваўся на тыднёвы адпачынак ва Узбекістан. Чым спадабалася і чым не спадабалася краіна з першага погляду?

Пяць плюсоў 

1. Гістарычная спадчына і прырода

Сярод сярэдняазіяцкіх постсавецкіх краін Узбекістан самы багаты на гістарычную спадчыну. Асноўныя гарады былі заснаваныя яшчэ да пачатку нашай эры. Самарканд, Бухара і Хіва з іх мячэцямі і медрэсэ (мусульманскімі навучальнымі ўстановамі) занесеныя ў спіс аб’ектаў ЮНЕСКА. У суседніх краінах такой колькасці гістарычных аб’ектаў проста няма.

Маўзалей «Чор-Бакр» за некалькі кіламетраў ад Бухары.

Маўзалей «Чор-Бакр» за некалькі кіламетраў ад Бухары.

Прырода Узбекістана надзвычай разнастайная — тут і пустыні, і стэпы, і горы. Падарожнікаў вабіць да сябе амаль зніклае Аральскае мора. На жаль, да яго мы не дабраліся, бо на гэта трэба патраціць мінімум тры дні ды яшчэ і заплаціць некалькі сотняў даляраў мясцовым кіроўцам на джыпах.

2. Нізкія цэны

Сярэдні заробак, па словах мясцовых, складае $100-150. Праўда, актуальных афіцыйных лічбаў у адкрытым доступе няма.

Апошнім указам Іслама Карымава мінімальны заробак павялічаны да $23, мінімальная пенсія — да $45.

Зразумела, што і цэны мусяць адпавядаць гэтаму ўзроўню. Сытны абед на дваіх у рэстаране — 6 беларускіх рублёў ($3), паездка на таксі праз увесь Ташкент — 2 беларускія рублі ($1), мужчынская стрыжка ў цырульні — 1,5 беларускага рубля ($0,75). Узбекская дыня, якую ў Беларусі прадаюць за 6-7 рублёў, там каштуе 0,8 рубля!

Базар Ташкента.

Базар Ташкента.

Але як толькі гаворка заходзіць пра імпартны тавар, — ніякай літасці купцам. Цэны на замежныя прадукты і адзенне нават вышэйшыя за беларускія.

У любым разе адпачынак ва Узбекістане ў разы таннейшы, чым у большасці іншых краін.

3. Кухня

Ташкенцкі плоў. Самаркандскі і бухарскі — іншыя.

Ташкенцкі плоў. Самаркандскі і бухарскі — іншыя.

Галоўная ўзбекская страва — безумоўна, плоў. У Ташкенце ёсць нават Сярэднеазіяцкі цэнтр плову. Гэта агромністая сталовая на некалькі сотняў чалавек, у якой прадаецца толькі адна страва. Вялізная порцыя плову — такая, што не кожны адолее! — каштуе 2,65 беларускага рубля ($1,4). Паабедаўшы там, на вячэру я ўжо не пайшоў.

Цэнтр плову — сталовая на некалькі сотняў чалавек.

Цэнтр плову — сталовая на некалькі сотняў чалавек.

Мясная аснова узбекскіх страў — бараніна. Паводле водгукаў турыстаў, найлепш яе гатуюць у рэстаране «Чор-Бакр» за некалькі кіламетраў ад Бухары. Бараніна тут мякчэйшая за беларускую ялавічыну! За адзін шампур давядзецца аддаць 2,4 беларускага рубля ($1,2).

У многіх рэстаранах, калі прыйдзеш пасля абеду, прапануюць на выбар толькі гэтыя стравы — ці плоў, ці шашлык.

Звыклага для нас хлеба ва Узбекістане няма, яны ядуць вялізныя ляпёшкі.

П’юць узбекі гарбату. Чайнік на чатыры кубкі каштуе нашых 60 капеек ($0,3). У яго звычайна дадаюць лімон. Прычым не як у Беларусі — пару нарэзаных кавалкаў, — а адразу два цэлыя лімоны!

А вось каву шануюць не вельмі моцна. Яе прадаюць толькі ў еўрапейскіх модных кавярнях па цэнах, блізкіх да беларускіх.

4. Бяспека

«Мы можам ўвечары выйсці на вуліцу і не баяцца за сваё здароўе» — галоўны аргумент узбекаў, калі яны кажуць пра сваю ўладу. Больш пра палітыку не прамовяць ні слова, бо «нам нельга».

Арганізаванай злачыннасці ва Узбекістане насамрэч амаль не засталося, у постсавецкіх рэйтынгах бяспекі краіна — на першых месцах. Ёсць хіба што праблемы з наркатрафікам з Афганістана і Таджыкістана, але шэраговых турыстаў гэта наўрад ці зачэпіць.

Бухара. Від з кола агляду.

Бухара. Від з кола агляду.

Праўда, пры разліках трэба заўсёды быць пільным. Цэны часцяком не ўказваюцца — а на рынках ніколі, — таму амаль кожны ўзбек спрабуе наварыць грошы на турыстах. Кіроўца маршруткі называў адну цану для мясцовых, а іншую для нас — у 2,5 разу большую. І такое дробнае махлярства сустракаецца ў кожнай сферы. Але калі вы самі не аддасцё грошай, іх ніхто не адбярэ.

Іншае пытанне, што параноя сілавікоў часам набывае трагікамічныя формы (глядзі раздзел з «мінусамі»).

5. Чыгунка

У постсацыялістычных краінах (і былы СССР, і былая Югаславія) чыгунка не ў фаворы. Напрыклад, у Албаніі ўвогуле разабралі ўсе шляхі.

А Узбекістан наадварот, чыгунку актыўна развівае. У сярэдзіне 2000-х тут запусцілі хуткасныя іспанскія цягнікі «Афрасіяб». Адлегласць 600 км паміж Ташкентам і Бухарой можна перадолець менш чым за 4 гадзіны. І гэта з узбекскім перападам вышыняў!

Пры гэтым квіток каштуе рэальна каля $12 (калі здаць грошы па чорным курсе і расплаціцца ў касе ў сумах). А вось з самалётам такая сістэма аплаты не спрацуе. Замежнікі могуць купіць авіяквіткі толькі за валюту, з Ташкента ў Бухару можна даляцець за $70.

Узбекскія чыгуначныя вакзалы — нібы тыя крэпасці. Каб трапіць на цягнік, трэба прайсці мінімум дзве праверкі рэчаў і тры-чатыры праверкі квітка. Без квітка нават не зойдзеш унутр вакзала!

Пяць мінусаў

1. Бюракратыя і безліч сілавікоў

Іслам Карымаў здолеў пабудаваць паліцэйскую краіну. Небяспека радыкальнага ісламу прымушае дбаць пра бяспеку, але гэты клопат даведзены да абсурду. Улады «рэкамендуюць» маладым узбекам не насіць доўгія бароды. Мясцовыя кажуць, што тых, каго ўбачаць з барадой, могуць аштрафаваць з любой іншай нагоды.

Любы чалавек, які прыязджае ва Узбекістан ці выязджае з яго, павінен запоўніць дэкларацыі. У іх запісваюцца ўсе грошы, уся тэхніка, усе больш-менш дарагія рэчы. Калі турыст прыехаў з $500 і спрабуе выехаць з $600, «лішак» могуць сканфіскаваць.

«Скарбам» лічацца нават свае грошы, узбекскія сумы. Паводле заканадаўства, іх можна завозіць і вывозіць не больш за $115 у эквіваленце.

Фармальна можна завозіць тавару на… $10! Пры гэтым усе ўзбекі едуць з гіганцкімі торбамі і цюкамі. Лішне казаць, што многія памежнікі маюць добры дадатковы заробак.

Галоўнае пытанне да турыстаў: «Ці маеце на тэлефоне ці ноўтбуку рэлігійныя матэрыялы ці парнаграфію?» А як гэта праверыць, калі не самому? Таму ўзбекскі мытнік бярэ ваш мабільнік і пачынае гартаць фоткі з пытаннямі накшталт «а хто гэта на фота?», «а дзе гэты ты адпачываў?». Ніякіх пратаколаў надгляду пры гэтым не складаецца. Адчуванне надзвычай брыдкае.

На мяжы з Таджыкістанам мытніца распранае жанчын з прымежных вёсак дагала і правярае, ці не вязуць яны наркотыкі. Навошта тэхнічныя прыстасаванні, калі можна проста памацаць іх рукой?

Кожны турыст ва Узбекістане павінен быць недзе зарэгістраваны. Як мінімум на кожную трэцюю ноч трэба мець пацверджанне ад гатэля ці хостэла, што вы не бадзяліся абы-дзе па краіне. Гэтыя паперкі часцяком правяраюць на выездзе з краіны і з радасцю штрафуюць за парушэнні.

Сілавікі шчыруюць не толькі на мяжы, але і ў гарадах. Каля кожнага ўваходу ў падземны пераход стаіць па міліцыянту, якому ўсе без выключэння мінакі паказваюць свае сумкі. Сэнсу ў гэтым няма ніякага. Бо на кожную торбу тэхніка пачынае пішчаць, узбек адказвае дзяжурную фразу «гэта ў мяне мабільны» і ідзе далей.

Фатаграфаваць у метро катэгарычна забаронена. Паўсюль развешаная сацыяльная рэклама са словам «агохлік!» — «пільнасць» па-нашаму.

2. Чорны курс валюты і нязручныя грошы

Узбекістан нагадвае Беларусь узору 2011 года. У краіне дзейнічае два валютныя курсы, прычым рынкавы курс вызначаецца на спецыяльным сайце ў інтэрнэце — такім жа, як наш легендарны Пракапові.ч.

Афіцыйны курс даляра — 3050 сумаў, чорны — 6500 сумаў. Нелегальны абмен валюты — крымінальнае злачынства, але не даводзілася чуць ніводнай трагічнай гісторыі, звязанай з валютчыкамі. Каля кожнага рынку ці вакзала можна сустрэць дзясяткі мужыкоў з чорнымі пакетамі, якія не надта і хаваюцца ад міліцыі.

Навошта чорныя пакеты? Рэч у тым, што ёсць яшчэ агромністая нязручнасць, звязаная з мясцовымі грашыма. Найбуйнейшая банкнота, 5000 сумаў, — гэта ўсяго $0,77! То бок памяняўшы ва Узбекістане 100 даляраў, вы ў найлепшым выпадку атрымаеце перавязаны стосік пакамечаных грошай. У найгоршым — некалькі стосікаў грошай, бо валютчыкі спрабуюць збыць драбнейшыя купюры, якія карыстаюцца меншым попытам.

Праз чорны курс становіцца нявыгадна разлічвацца банкаўскімі карткамі. Бо тады з вас спішуць грошы па афіцыйным курсе.

3. Марудны інтэрнэт

Трымаць сувязь з радзімай з Узбекістана складана. Кавярняў з вай-фаем мала, у гатэлях ён нібыта ёсць, але хуткасць — катастрафічная.

Бываюць і іншыя тэхнічныя праблемы. Напрыклад, у адным з гатэляў у Ташкенце смартфоны-андроіды злавіць інтэрнэт могуць, а вось айфоны — ніяк. Гаспадары ведаюць пра праблему, але зрабіць нічога не могуць, бо правайдар ігнаруе іх прэтэнзіі.

Галоўная мячэць Самарканда.

Галоўная мячэць Самарканда.

Можна, вядома, набыць сім-картку мясцовага мабільнага аператара. Але зразумела, і ў гэтым пытанні не ўсё проста.

Мы спрабавалі падключыцца ў галоўным ташкенцкім офісе UMC — кампаніі, створанай на базе нацыяналізаванага расійскага МТС. Каб набыць сім-картку, трэба паказаць аформленую рэгістрацыю на пяць дзён. Але паперку з рэгістрацыяй нам выдалі толькі ў дзень высялення, да таго ж у сталіцы мы спыняліся толькі на два дні… Карацей, падключыцца нам так і не дазволілі.

У выніку давялося ісці ў дробны офіс «Білайна» ў Бухары. На дзіва, там прапанавалі купіць у іх сімку… трэцяга аператара, Ucell. Пры гэтым папярэдзілі, што праз шэсць дзён яна аўтаматычна заблакуецца і ўвесь нявыкарыстаны трафік знікне.

Усе мабільныя аператары Узбекістана чамусьці ўказваюць тарыфы ў далярах. Але ў гэтым разе — па афіцыйным курсе. То бок калі памяняць у валютчыкаў $1 і пакласці гэтыя грошы, на рахунку адлюструецца $2,1. Прычым адлюстроўваецца менавіта ў далярах.

Паўгігабайта трафіка каштуе рэальныя $3, гігабайт — $5.

4. Дарогі і рух

Большасць грамадскага транспарту ў краіне — мікрааўтобусы, а таксама «сумесныя таксі». Прычым усе яны як гумовыя! Не здзіўляйцеся, калі вам прапануюць залезці на задні шэраг легкавіка чацвёртым ці пятым пасажырам.

А ёсць яшчэ і «дамас», недарэчны гібрыд маршруткі і легкавіка. Тэарэтычна ў ім пяць ці сем прасторных месцаў для пасажыраў. Рэальна ж сядаюць дзевяцёра, а некаторыя яшчэ і з дзецьмі на руках…

Навошта «дамасіку» — як яго ласкава называюць узбекі — высокі дах? Гэта я зразумеў, калі лічыў выбоіны дарогі ў прыгарадзе Бухары, падскокваючы на заднім крэсле. Калі б дах быў ніжэйшым, дакладна прабіў бы яго галавой. Пры гэтым хуткасць была невялікай — недзе каля 70 км/г. Проста на ўзбекскіх пасажырскіх перавозках катаецца настолькі дабіты транспарт.

Ва Узбекістане вырабляюць «Дэу». Самая папулярная мадэль — «Спарк». Мясцовыя жыхары скардзяцца, што ў Казахстане іх машыны каштуюць удвая танней, чым дома.

Ва Узбекістане вырабляюць «Дэу». Самая папулярная мадэль — «Спарк». Мясцовыя жыхары скардзяцца, што ў Казахстане іх машыны каштуюць удвая танней, чым дома.

Да гэтага дадаецца хаатычнасць руху. Парушаецца ўсё, што магчыма — правілы абгону, перастраення, разметка… Калі на мінімальнай хуткасці пракрасціся на чырвонае, то яно ўжо не настолькі і чырвонае, праўда?

Як і ў многіх іншых азіяцкіх краінах, ва Узбекістане дзейнічае прынцып «аўтамабілістам — усё, пешаходам — нічога».

На пешаходных пераходах вас не будзе прапускаць ніхто. Ну, пакуль нахабна не пойдзеце напралом. Тады аўтамабілі прыпыняцца, хіба што яшчэ нехта пасігналіць у спіну, маўляў, давай хутчэй.

Прычым не прапускаюць ні дзяцей, ні старых. Іх проста аб’яджаюць, гнеўна пасігналіўшы: куды прэшся?

Як адыдзеш з цэнтральных вуліц, асфальт прападае.

Як адыдзеш з цэнтральных вуліц, асфальт прападае.

5. Антысанітарыя

На ўваходзе на рынак стаіць жанчына, якая прадае ўласнаручна прыгатаваную рыбу. Сонца, +27 — ёй няважна. Больш за тое, яна бруднымі рукамі адломлівае кавалкі і прапануе патэнцыйным купцам пачаставацца. І людзі насамрэч спрабуюць на смак!

Побач на нейкай кляёнцы раскладзенае мяса, стаіць і нейкі жбанок з малаком. А на пыльнай узбочыне дарогі прадаюць самсу — такую ж пыльную.

Можа, узбекі ўжо выпрацавалі імунітэт для кішэчных захворванняў, але для турыста такія ласункі могуць быць небяспечнымі.

Фота puerrtto.livejournal.com

Фота puerrtto.livejournal.com

Ёсць пытанні і з тым жа пловам. Раней яго елі рукамі, без лыжак, відэльцаў і іншых прыладаў. Некаторыя трымаюцца традыцыі і цяпер.

Выглядае, мякка кажучы, дзіўна, калі ў рэстаране ў кампаніі хтосьці запускае сваю брудную руку ў агульную талерку з пловам, тады як іншыя акуратна набіраюць яго лыжкай.

Цікавыя факты пра Узбекістан

  1. У сярэдзіне 1990-ых Узбекістан перайшоў на лацінку.
    Але ў савецкі час у кірылічным алфавіце была літара «ў». Краіна так і называлася — Ўзбекистон.
  2. У свеце ёсць толькі дзве краіны, якія не маюць выхаду да мора і ніхто з іх суседзяў таксама не мае выхаду да мора. Гэта Узбекістан і Ліхтэнштэйн.
    Каспійскае мора не лічыцца, бо, фактычна, з’яўляецца возерам.
  3. У краіне працягваецца практыка прымусовага вывазу людзей на ўборку бавоўны.
    Сотні і тысячы ўзбекаў плацяць за афармленне фіктыўных дакументаў, каб адкасіць ад ўборкі.
  4. На ўсіх прэзідэнцкіх выбарах у XXI стагоддзі Іслам Карымаў набіраў больш за 90% галасоў.
  5. Нацыянальны герой Узбекістана — Тамерлан.
    Але ў такой форме яго імя не выкарыстоўваецца, бо даслоўна перакладаецца абразліва для мясцовых: «кульгавы Цімур». Таму праспекты называюць у гонар «Аміра Цімура». Узбекі вераць у праклён яго магілы. Маўляў, калі яе ўскрыць, пачнецца страшная вайна. Папярэдні раз магілу Тамерлана савецкія археолагі адкрывалі за дзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Злева маўзалей Тамерлана, справа «Дамас».

Злева маўзалей Тамерлана, справа «Дамас».

Дзе працуюць узбекі?

Насельніцтва Узбекістана — 32 мільёны чалавек. Працы на ўсіх не хапае, ды й плацяць замала. Таму ўзбекі масава выязджаюць на заробкі. Куды?

Каля 2—3 мільёнаў чалавек працуюць у Расіі, але папулярнасць паўночнага кірунку зніжаецца. Пасля крызісу там сталі плаціць нямнога, ды й увесь час вісіць пагроза дэпартацыі.

Адклаўшы грошы ад працы ў Расіі, узбекі спрабуюць трапіць у больш прыбытковыя месцы. Мара — Паўднёвая Карэя. Каб аформіць візу, атрымаць запрашэнне на працу і купіць авіяквіткі, узбекі плацяць $2—3 тысячы! Грошы адбіваюцца хутка — дзень працы ў Карэі каштуе $100, амаль як месяц працы ва Узбекістане.

Іншыя папулярныя кірункі — Турцыя і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Як дабрацца?

З Мінска ў Ташкент самалёт лятае два разы на тыдзень. Але квіток у два бакі каштуе ажно $370 на чалавека!

Трохі танней ляцець Мінск—Стамбул—Ташкент — $335 з чалавека.

Альтэрнатыва — прылёт у Шымкент, другі па велічыні горад Казахстана. Між ім і Ташкентам трохі больш за 100 км. Скарыстаўшыся магчымасцю, мы набывалі квіткі Мінск—Масква—Шымкент прыблізна па $165 з чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?