Шведская акадэмія спыніла спробы выйсці на сувязь з амерыканскім паэтам і музыкам Бобам Дыланам, якому яна раней прысудзіла Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Getty
«Мы цяпер нічога не робім», — сказала пастаянны сакратар акадэміі Сара Даніюс.
«Я патэлефанавала і адправіла электронныя лісты яго прадстаўніку і атрымала прыязныя адказы. Пакуль гэтага цалкам дастаткова», — сказала яна.
Пакуль не вядома, ці прыедзе Дылан на цырымонію ўручэння прэміі, прызначаную на 10 снежня.
«Калі не захоча прыязджаць — не прыедзе, — сказала Даніюс журналістам. — Але ў яго гонар ўсё роўна зладзяць вялікую імпрэзу».
Дылан да гэтага часу не пракаментаваў прысуджэнне яму прэміі, пра якое было абвешчана ў мінулы чацвер, 13 кастрычніка.
Неўзабаве пасля аб'явы аб прысуджэнні яму прэміі Дылан даў канцэрт у Лас-Вегасе, але падчас выступу так і не згадаў пра рашэнне Нобелеўскага камітэта.
Боб Дылан стаў першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, якому яе прысудзілі за тэксты песень.
У сваім рашэнні Шведская акадэмія патлумачыла, што прэмія прысуджаная Дылану за «стварэнне новай паэтычнай мовы ў рамках вялікай амерыканскай песеннай традыцыі».