Гэтымі днямі Мінск з візітам наведвае намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк. 18 кастрычніка ўвечары ў будынку пасольства ЗША спадарыня Брынк дала невялікую прэс-канферэнцыю.

Брыджыт Брынк і часовы павераны ЗША ў Беларусі Роберт Райлі. Фота by.usembassy.gov.

Брыджыт Брынк і часовы павераны ЗША ў Беларусі Роберт Райлі. Фота by.usembassy.gov.

Найперш яна паведаміла, што ў Беларусі мела сустрэчы з міністрам замежных справаў нашай краіны Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. «Гэта былі канструктыўныя сустрэчы», — адзначыла яна.

Галоўнае заява, якая прагучала на спатканні з журналістамі — аб тым, што санкцыі ЗША ў дачыненні 9 беларускіх прадпрыемстваў будуць замарожаныя яшчэ на 6 месяцаў.

«Змягчэнне санкцый павінна спрыяць умацаванню эканамічнага і палітычнага суверэнітэту Беларусі, захавання тэрытарыяльнай цэласнасці краіны», — адзначыла амерыканская чыноўніца.

Яна запэўніла, што для захавання станоўчай дынамікі ў адносінах паміж Беларуссю і ЗША нашай краіне трэба прасоўвацца ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека. «НН» удакладніла, што менавіта маецца на ўвазе пад гэтай фармулёўкай.

Спадарыня Брынк адзначыла, што існуюць рэкамендацыі АБСЕ адносна выбарчага заканадаўства. Сярод канкрэтных крокаў была названая інклюзіўнасць пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій, каб туды траплялі прадстаўнікі розных палітычных сілаў, а не толькі ўлады, а таксама забеспячэнне празрыстага падліку галасоў.

«Паляпшэнне адносін на карысць абедзвюм дзяржавам», — запэўніла спадарыня Брынк. Як пазітыўную з’яву яна адзначыла павелічэнне дыпламатычнага штату пасольства ЗША. Дзякуючы гэтым работнікам з’явілася магчымасць больш часу ўдзяляць пытанням гандлёвага супрацоўніцтва і бяспекі.

Што тычыцца поўнафарматнага аднаўлення працы пасольстваў у Мінску і Вашынгтоне, то ЗША спадзяецца на пазітыўнае вырашэнне.

Была закранутая тэма новага палітвязня, блогера Эдуарда Пальчыса (Джона Сільвера). «Мы ведаем аб гэтай справе, сочым за ёй», — сказала Брыджыт Брынк. Аднак больш разгорнуты каментар даваць адмовілася.

«Мы спадзяемся, што тое паляпшэнне адносін, якое назіраецца цягам апошніх 13-14 месяцаў, працягнецца», — сказала прадстаўніца Дзярждэпартаменту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?