Унучка Рыгора Барадуліна Дамініка. Фота citydog.by

Унучка Рыгора Барадуліна Дамініка. Фота citydog.by

Рыэлтар і пазаштатны выкладчык БДУ Аляксандр Гарашчэня, які на сваёй старонцы ў фэйсбуку назваў Рыгора Барадуліна «нацысцкай сволаччу», папрасіў прабачэння ў сваякоў народнага паэта.

«Прыношу свае прабачэнні блізкім паэта. Мае словы выглядалі ганебна…» — скупа напісаў ён у сацсетках, пры гэтым адзначыўшы, што яго словы не тычацца тых, «хто тэлефанаваў з пагрозамі».

У размове з «Камсамольскай праўдай» рыэлтар патлумачыў, што папрасіў прабачэння не з-за шуміхі і не з-за пагроз, якія яму масава прыходзяць, а таму, што яму сапраўды няёмка.

«Мне сваякі тэлефанавалі, з імі мы пагаварылі па-чалавечы, яны знайшлі мае выбачэнні вычарпальнымі», — дадаў Аляксандр.

Але сваякоў у дзядзькі Рыгора засталося толькі трое — жонка, дачка і ўнучка. Ніхто з іх пра прабачэнні нічога не ведае.

«Я дакладна ні з кім не звязвалася і са мной ніхто не звязваўся, — здзіўляецца ўнучка Рыгора Барадуліна Дамініка, якой было прысвечана нямала твораў народнага паэта. — Мая бабуля не сядзіць у інтэрнэце і, відаць, каб не турбаваць яе ў такім узросце, ёй ніхто нічога не казаў. Таму ёй я толькі сёння расказала пра гэта ўсё. А дачка Рыгора Барадуліна цяпер знаходзіцца за мяжой, адпаведна, з ёй таксама ніхто не звязваўся».

Дамініка дадала, што гатовая бараніць памяць дзядулі. На гэты конт дзяўчына ўжо размаўляла са стваральнікам курсаў «Мова Нанова» і грамадскім актывістам Глебам Лабадзенкам, які адразу заявіў, што звернецца ў пракуратуру, каб там далі прававую ацэнку выказванням Гарашчэні.

«Я ўжо ўсё падрыхтаваў, — кажа Глеб. — Яшчэ ўчора запакаваў у канверт, але не паспеў занесці, бо спазняўся на курсы. Але сёння дакладна адпраўлю. Буду дасылаць заказным лістом».

Цяпер Глеб Лабадзенка шукае юрыста, які дапаможа сям’і Рыгора Барадуліна скласці юрыдычна правільны зварот у кампетэнтныя органы для абароны гонару і годнасці памяці народнага паэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?