Адразу дзьве сэнсацыі: Менск і Ватыкан дамовіліся падрыхтаваць пагадненьне, а Лукашэнка запрасіў папу рымскага наведаць Беларусь у зручны час.

Калі пра магчымы канкардат беларускія чыноўнікі глуха прагаворваліся напярэдадні, то запрашэньне пантыфіка — як сьнег на галаву. А для каго-кольвек, магчыма, і халодны душ. Яшчэ днём раней прадстаўнік беларускага экзархату РПЦ цьвердзіў: пакуль што ніякай магчымасьці візыту папы ў Беларусь няма і ня будзе. Было заяўлена: "Гэта агульная пазыцыя Расейскай праваслаўнай царквы. І гэта пытаньне не мітрапаліта. Гэта пытаньне сьвяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія і сыноду Расейскай праваслаўнай царквы. Менавіта так гэта пытаньне і будзе вырашацца — не іначай".

Атрымалася, аднак, іначай. Беларускі афіцыйны кіраўнік лішні раз давёў, што ёсьць выключна прагматычным палітыкам. Пахаваньне праекту "братняй інтэграцыі" і наступныя газавыя войны пахіснулі колішняе прывілеяванае становішча праваслаўнае царквы ў Беларусі. Улада ў пэўнай ступені перасягнула традыцыйныя фобіі датычна рымска-каталіцкае царквы як правадніцы заходняга ўплыву.

Між іншым, канкардат акурат і дае магчымасьць у большай ступені забясьпечваць ляяльнасьць касьцёлу, ўплываць на электарат адпаведнага веравызнаньня. Гэта асабліва важна з прычыны таго, што традыцыйная база цьвёрдага электарату (пэнсыянэры, рознага кшталту льготнікі і г.д.) пакрысе расьцярушваецца.

Зь іншага боку, хоць айчынныя вярхі і адмаўляюць палітычную подбіўку цяперашняга візыту кардынала Бэртонэ, паралельна артыкулюецца жаданьне наладзіць стасункі і з Эўропай, і са Штатамі. "Канечне, Ватыкан наўрад ці здольны наўпрост уплываць, напрыклад, на Брусэль, але ўмацаваньне стасункаў са Сьвятым пасадам можа палепшыць імідж Менску ў вачох каталікоў Старога Сьвету", — мяркуе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. Ён не выключае, што ў гэтым выпадку працуе адна з парадаў лорда Бэла.

Адметны момант: Аляксандар Лукашэнка, падкрэсьліўшы, што наважаны весьці з касьцёлам гаворку не пра палітыку, а пра вечныя каштоўнасьці, тут жа дэлегаваў арцыбіскупу Кандрусевічу адказную палітычную місію: "Я ўпэўнены, што ён будзе змагацца за незалежнасьць і сувэрэнітэт нашай дзяржавы, а дзяржава будзе яму надзейным апірышчам у гэтым".

Cымптаматычным выглядае тое, што Бэнэдыкт XVI запрошаны акурат напярэдадні візыту Мядзьведзева ў Берасьце. То бок, беларускае кіраўніцтва ня толькі не пабаялася раздражненьня Масквы, але, магчыма, і дэманструе ёй гатовасьць зноў гуляць на заходнім кірунку. Гэта можа быць спробай дадатковага умацаваньня пазыцый у торгу з Крамлём за газ ды іншае (плюс вестка пра імавернае разьмяшчэньне амэрыканскіх супрацьракетаў у Літве — гэтая пэрспэктыва падвышае каштоўнасьць "беларускага пляцдарму").

© Афіцыйны сайт Ватыкану

Некалі Сталін пыхліва пацікавіўся: а колькі ў папы дывізій? Сёньняшняе беларускае кіраўніцтва адкінула пыху, бо адчувае, што ў касьцёла іншая моц: у глябальным маштабе — мільярд вернікаў, мільён сьвятароў, вялікі духоўны ўплыў. І гульня на гэтым полі таксама можа спрыяць палітычным мэтам афіцыйнага Менску.

ЗЫ. Цікава, ці пачнецца адліга для пратэстантаў ды іншых?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?