Калі шчыра, то мала хто нават спадзяваўся, што зборная Турцыя зможа выйсьці з сваёй групы. Але ў звышдраматычных канцоўках сустрэч каманда Фаціха Церыма вырывала перамогі ў швайцарцаў і чэхаў.

Затое ўжо ў чвэрцьфінале многія спадзяваліся, што харваты змогуць паставіць на месца турэцкую каманду. Ня выйшла. Амаль роўная гульня, але зь невялікай перавагай славян, праходзіла два таймы. Зборныя так і не змаглі размачыць брамнікаў – 0:0.

Дадатковы час таксама блізіўся да сканчэньня, калі Класьніч паслаў мяч ў вароты туркаў – 1:0. Што адбылося потым цяжка зразумець. Семіх Шэнтурк шалёным ударам на другой даданай арбітрам хвіліне лік зраўняў. Самае цікавае, што судзьдзя дадаваў толькі адну хвіліну, але не пасьпеў у час сьвіснуць. Вось туркі і выратаваліся ў трэці раз на даданых хвілінах.

У сэрыі пэнальці псыхалягічная перавага была ўжо, бясспрэчна, на баку Турцыі. Харваты так і не аправяліся ад прапушчанага голу – два промахі і адзін удар адбіў галкіпэр.

Зборная Турцыі ўпершыню трапіла ў чацьвёрку мацнейшых каманд Эўропы. Многія харваты пасьля гульні не хавалі сьлёзаў.

Такім чынам, каманда Фаціха Церыма ў паўфінале 25 чэрвеня сыграе з Германіяй. Другі паўфінал складуць пераможцы параў Галяндыя – Расея і Італія – Гішпанія. Прычым, расейцы гуляюць ужо заўтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?