Маладыя аўтары, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі і пішуць на рускай або беларускай мове, запрашаем вас узяць удзел у творчым спаборніцтве!

Выдавецтва «Рэгістр» адкрывае чарговы, пяты, сезон унікальнага літаратурнага конкурса «Первая глава». Традыцыйна прыём работ пачынаецца з 3 кастрычніка і ў лютым наступнага года пераможцы будуць урачыста ўзнагароджаны на Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Мінску.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца нявыдадзеныя творы незалежна ад удзелу ў іншых конкурсах (у тым ліку ў конкурсе «Первая глава»). Пад выдадзенай прозай маюцца на ўвазе асобныя творы і зборнікі твораў з прысвоеным міжнародным стандартным кніжным нумарам (ISBN, International Standard Book Number).

У гэтым годзе конкурс пройдзе пад слоганам «Анлайн. Без купюр». Усе каментары, заўвагі, спрэчкi і абмеркаваннi будуць транслявацца на канале YouTube ў рэжыме анлайн. Большасць дасланых работ атрымае не проста ацэнку ў пратаколе, а разгорнуты каментар ад кожнага члена журы.

«Первая глава» — конкурс, якому ўласціва абсалютная адкрытасць, адсутнасць кулуарнасцi і шырокая зваротная сувязь з канкурсантамі ад арганізатараў і журы.

Удзельнікам конкурсу прапанаваныя дзве намінацыі: «Выбар чытачоў» і «Выбар прафесійнага журы». Галоўны прыз конкурсу — выданне кнігі ў друкаваным і электронным выглядзе, а таксама арганізацыя рэкламнай кампаніі ў яе падтрымку (сустрэчы з чытачамі і стварэнне прафесійнага буктрэйлера).

Пра конкурс

Літаратурны конкурс «Первая глава» з'яўляецца асветніцкім праектам. Яго галоўная мэта — адкрыццё новых імёнаў у літаратуры, заахвочванне творчасці аўтараў-пачаткоўцаў Беларусі, прадастаўленне ім магчымасці першай публікацыі і прасоўванне іх твораў да чытача, а таксама захаванне беларускіх літаратурных традыцый.

Сёння «Первая глава» — гэта адзін з самых вядомых у Беларусі літаратурных конкурсаў для маладых аўтараў. За чатыры гады існавання ў ім паўдзельнічала больш чым 300 канкурсантаў. У склад журы ўваходзiлi аўтарытэтныя літаратары, журналісты, кнігавыдаўцы, крытыкі. З іх у мінулых сезонах бралі ўдзел: Тамара Лісіцкая, Стэла Чыркова, Таццяна Сівец, Людміла Рублеўская, Наталля Батракова, Анатоль Андрэеў, Андрэй Жвалеўскi і Яўгенiя Пастэрнак.

Першы сезон конкурсу адбыўся ў 2012 годзе. Тады пераможцам стаў ужо вядомы сёння пісьменнік Ігар Палякоў з аповесцю «Пространства». У 2013 годзе ў конкурсе перамагла Аксана Хвашчэўская з раманам «Не любовь». Наступны ўдзельнік, які атрымаў перамогу, — Андрэй Лазар з кнігай «Таварыства кнігалюбаў». Пераможца папярэдняга сезона — Ганна Севярынец з аповесцю «Дзень святога Патрыка».

Больш падрабязна аб праекце і правілах ўдзелу можна прачытаць на сайце конкурсу або на старонках выдавецтва «Рэгістр» у сацыяльных сетках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0