Мінскі абласны суд 19 кастрычніка абвясціў вердыкт па справе былога галоўнага следчага сталіцы Георгія Жука, які абвінавачваўся ў атрыманні хабару ў 80 тысяч даляраў. Найбліжэйшыя дзевяць гадоў мужчына правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, калі Вярхоўны суд пакіне прысуд у сіле.

З абвінавачання вынікае, што хабар былы міліцыянер атрымаў яшчэ ў 2005 годзе. Іншыя абвінавачаныя па гэтай справе, у тым ліку былыя супрацоўнікі КДБ і ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС, былі асуджаныя яшчэ ў 2006-м. Жук амаль дзесяць гадоў хаваўся ў Расіі. Сваю віну ён не прызнаў, заявіў, што былыя калегі яго агаварылі.

У 2005 годзе Георгій Жук быў намеснікам начальніка ўпраўлення папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама. Як тлумачыў абвінавачваны ў судзе, на той час пасада кіраўніка была вакантнай, таму ён і лічыўся галоўным следчым сталіцы.

Хабар, як вынікае з абвінавачвання, ён атрымаў ад літоўскага бізнесмена, які меў праблемы з праваахоўнымі органамі ў Беларусі. Тавар, які ён пастаўляў, затрымлівалі, а ў адносінах да падначаленых распачыналі крымінальныя справы. Жук пагадзіўся дапамагчы за 150 тысяч даляраў. Аднак атрымаў ён грошы часткова — 80 тысяч. За гэта партнёр літоўца, у якога былі сувязі ў Адміністрацыі прэзідэнта, абяцаў дапамагчы міліцыянеру застацца пры пасадзе.

Абвінавачваны быў дапытаны ў адкрытым судовым пасяджэнні, аднак допыт сведак і даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы праходзіла за зачыненымі дзвярыма ў сувязі з тым, што абвяшчаліся дакументы пад грыфам «для службовага карыстання».

Георгій Жук прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і прыгавораны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама прынята рашэнне аб канфіскацыі маёмасці — аўтамабіля «Мерседэс-Бенц», гаража ў Мінску, вінтоўкі, пісталета, патронаў, якія належалі падсуднаму. Паводле рашэння суда Жук пазбаўлены звання палкоўніка міліцыі, на працягу пяці гадоў ён не можа з'яўляцца прадстаўніком улады. Акрамя таго, ён павінен выплаціць 80 тысяч даляраў, атрыманых незаконным шляхам.

Прысуд суда пакуль не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?